23 кастрычніка у межах сесіі быў прадстаўлены даклад спецдакладчыка па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэля Форста. «У гэтым дакладзе няма ўпамінання пра Беларусь, а ёсць толькі апісанне агульных тэндэнцыяў становішча праваабаронцаў ва ўсім свеце. Даклад прадстаўляўся ў фармаце інтэрактыўнага дыялогу. Гэта значыць, што пасля яго агучвання прадстаўнікі дзяржаў маглі пракаментаваць яго і задаць свае пытанні. Прадстаўніца Беларусі задала пытанне пра тое, якія спецдакладчык зьбіраецца прыняць меры па барацьбе са злоўжываннямі праваабаронцаў, якія спекулятыўна пад выглядам абароны ахвяраў мірных сходаў абараняюць асобаў, якія ажыццяўляюць дзеянні, накіраваныя супраць правапарадку», — апавяла прадстаўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага дома правоў чалавека Тацяна Равяка, якая бярэ ўдзел у імпрэзе.

Спецдакладчык сказаў, што сваімі далейшымі дзеяннямі зможа адказаць на ўсе пытанні.

Тацяна Равяка (на фота) так пракаментавала заяву афіцыйнага прадстаўніка Беларусі: «Думаю, што прадстаўнік Беларусі кіруецца агульнай пазіцыяй беларускіх уладаў адносна людзей, якія зазнаюць пераслед за імкненне рэалізаваць свае правы: яны прадстаўляюцца звычайнымі злачынцамі. А калі праваабаронцы даводзяць іншае, то атрымліваецца, што, на думку ўладаў, яны проста спекулююць, злоўжываюць. Тут можна казаць пра падмену паняццяў, якой кіруюцца беларускія ўлады, каб лепей выглядаць найперш перад міжнароднай супольнасцю».

24 кастрычніка ў Нью-Ёрку прайшло мерапрыемства з удзелам спецдакладчыка па праваабаронцах, спецдакладчыка па Беларусі і саміх праваабаронцаў. Даклад па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харасці будзе прадстаўлены 28 кастрычніка.

Прадстаўніца дэлегацыі Беларусі заявіла, што правы чалавека выкарыстоўваюцца для спэкуляцыяў і ціску: «Падчас інтэрактыўнага дыялогу з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека прадстаўніца дэлегацыі Беларусі заявіла, што правы чалавека выкарыстоўваюцца для спекуляцыяў і ціску на краіны і заклікала камісара „навесці парадак у Радзе па правах чалавека“. Яна абвінаваціла Раду ў адсутнасці цікавасці да кансэнсусных падыходаў, што, па яе словах, „падрывае аўтарытэт Рады па правах чалавека“. Яна пацвердзіла непрызнанне мандату краінавага спэцдакладчыка і адмову ад узаемадзеяння», — распавяла Тацяна Равяка.

 «Гэтая пазіцыя афіцыйнага Мінска не новая, яна была агучана адразу пасля ўвядзення мандату ў 2012 годзе. І яе на працягу ўсяго гэтага часу (а мандат ужо двойчы працягваўся) беларускія ўлады прытрымліваюцца. Беларускія ўлады праяўляюць пазіцыю выбарнасці: яны самі хочуць выбіраць, з кім супрацоўнічаць, а з кім не, і стаўленне да краінавага спецдакладчыка якраз адлюстроўвае гэтую пазіцыю».

Міклаш Харасці ў сваёй справаздачы заклікаў беларускія ўлады неадкладна і без якіх-колечы ўмоваў вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць поўнае аднаўленне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.

Артыкулы па тэме

Спецдакладчык ААН па правах чалавека М.Харасці прадставіць шэраг рэкамендацый для ўладаў Беларусі

Праваабаронцы заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне ці хаця б змяніць працэдуру яго выканання

Беларускія НДА накіравалі ў ААН даклад у рамках працэдуры Ўніверсальнага перыядычнага агляду