Як заявіў намеснік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч (на фота), з пачатку 2014 года ў Беларусі было прыведзена ў выкананне два смяротныя прыгаворы і яшчэ двое асуджаных знаходзяцца ў камеры смяротнікаў.
«З 2010-га па гэты год нам вядома аб пакаранні смерцю дзевяці чалавек, — падкрэсліў ён. — Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў пяці выпадках смяротная кара была прыменена нягледзячы на тое, што былі зарэгістраваны індывідуальныя звароты прыгавораных у Камітэце па правах чалавека ААН і ў дачыненні да гэтых зваротаў была распачата працэдура № 92 ААН. Гэта значыць, што беларускія ўлады былі інфармаваныя камітэтам аб атрыманні гэтых зваротаў і аб тым, што прыгаворы не могуць быць прыведзены ў выкананне да разгляду зваротаў».
Акрамя таго, адзначыў Стэфановіч, Вярхоўны суд у якасці апошняй судовай інстанцыі працягвае прыгаворваць да вышэйшай меры, прысуд набывае моц адразу пасля абвяшчэння і касацыйнаму абскарджанню не падлягае. «Што і адбылося ў справе Кавалёва і Канавалава, якія былі пакараныя на працягу двух месяцаў пасля вынясення прыгавору», — падкрэсліў праваабаронца.
«Мы заклікаем Беларусь да таго, каб яна змяніла працэдуру выканання смяротнага прыгавору, якая не раз прызнавалася Камітэтам па правах чалавека ААН як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, — сказаў Стэфановіч. — Гэта і нявыдача цел пакараных сваякам, неўказанне месца пахавання, непаведамленне родным пра час і месца пакарання».
У рэкамендацыях, якія будуць прадстаўлены праваабаронцамі краінам, якія ўваходзяць у Камітэт па правах чалавека ААН, будзе просьба аб тым, каб Беларусі было рэкамендавана ратыфікаваць другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначыў Стэфановіч. Такім чынам Беларусь узяла б на сябе абавязацельствы па ўвядзенні мараторыя на смяротную кару і змяніла заканадаўства.
«Не можа краіна быць членам Савета Еўропы без мараторыя на смяротную кару», — дадаў праваабаронца.
Артыкулы па тэме
Фатограф Марыяна Хардзі з Украіны: “Я паеду хоць на край света, каб данесці праўду”
Беларускія НДА накіравалі ў ААН даклад у рамках працэдуры Ўніверсальнага перыядычнага агляду
Камітэт па правах чалавека прыняў пяць новых рашэнняў па Беларусі