Пазней грамадскі актывіст Сяргей Салаш паведаміў, што на ўсіх 23-х барысаўскіх удзельнікаў акцыі салідарнасці з украінскім Еўрамайданам падрыхтаваны судовыя пастановы на розныя адміністрацыйныя тэрміны.

У пятніцу, 31 студзеня, стала вядома, што як мінімум два фанаты асуджаныя на пяць сутак за акцыю. Гэта пры тым, што твары фанатаў былі на фота, у мэтах бяспекі, размытыя.

Першы фанат Яўген (прозвішча юнак назваць адмовіўся) быў затрыманы 29 студзеня, а суд над ім адбыўся на наступны дзень. Суддзя Барысаўскага суда Лідзія Малчанава звінаваціла яго ў парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) ды пакарала арыштам на 5 сутак. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, не пусцілі нават адваката, а ў сваякоў Яўгена не прынялі перадачу.

Другі фанат быў затрыманы і асуджаны 31 студзеня па тым жа артыкуле. Вырак суддзі – таксама 5 сутак арышту. Астатніх фанатаў расшуквае міліцыя, але пакуль безвынікова.

Супрацоўнік прэс-службы УУС Мінгарвыканкама Сяргей Басько пацвердзіў інфармацыю аб тым, што двое фанатаў БАТЭ адбываюць пакаранне за адміністрацыйнае парушэнне.

«Два чалавекі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Па пяць сутак ім далі. Зараз устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі акцыі. Размаўляюць з імі, абтэлефаноўваюцца. Я размаўляў з кіраўніком аддзела па грамадскай бяспецы Барысаўскага УУС, і ён даў такую інфармацыю. Раз акцыя была незаконная, не было дазволу, то іх будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Будуць выклікаць на размовы, што ён рабіў. Можа, ён думаў — проста фатаграфуемся. Там жа стаіць дваццаць чалавек, а плакаты трымаюць 8—10. Можа, ён скажа, што не ведаў такога. Варыянтаў шмат. Пакуль іх не знойдуць, ніяк не могуць ляжаць пратаколы. Прозвішчы арыштаваных? Людзі выказалі сваю пазіцыю, іх за гэта прыцягнулі. Калі яны захочуць самі аб’явіцца, хай аб’яўляюцца, гэта іх асабістая справа. Мы гэта рабіць не абавязаны», — паведаміў Басько.

Адзін з фанатаў БАТЭ ананімна распавёў, як міліцыя пераследуе заўзятараў за акцыю ў падтрымку Ўкраіны: «У мінулыя выходныя валейбольны БАТЭ гуляў у Барысаве два матчы ў залі. Там ёсць камеры назірання, на якіх відаць, як група людзей проста пасля матча выходзіць з будынку, спускаецца з ганку. Пасля двух чалавек з апазнаных па камеры запрасілі на размову, паказалі запіс на відэа. Яны сябе пазналі: „Так, я вось выходжу з залі на вуліцу і іду пасля дахаты“. Але на фота з плакатамі ў падтрымку Ўкраіны яны адмаўляліся сябе пазнаваць. Тым не менш у судзе ёсць прызнаўчыя паказанні абодвух. Я думаю, іх проста паставілі перад фактам: пагаджаешся — 5 сутак, не пагаджаешся — 15. Мы не ведаем, колькі людзей яшчэ не апазнана. Аднаму-двум званілі з міліцыі, але яны сказалі, што без позвы не пойдуць. Прыязджалі дахаты, але аднаго хлопца дома не было. Дарэчы, яго зусім на відэа не можа быць, бо яго на матчы не было ў той дзень».

Артыкулы па тэме

Сябры HRHN заклікаюць прэзідэнта Януковіча накласці вета на закон, які парушае правы

Аналітычны агляд за другую палову 2013 года: сітуацыя з правамі чалавека цяжкая і без значных зменаў

У мінчука адвольна канфіскавалі аўтамабіль за ўдзел у акцыі пратэсту