Адкрываючы ў Вільні «ВўROOM»,  віцэ-спікер Сойма Літвы Пятрас Аўштравічус прывітаў усіх удзельнікаў “дэмакратычнага кірмаша”: “Мы спадзяемся, што зможам разбурыць сцяну, што паўстала паміж Беларуссю і Літвой не па нашай віне. Тыя, хто ставяць сцены, не бачаць будучыні. Мы спадзяемся гэтую сцяну разбіць разам. Я ганаруся вамі і заклікаю не губляць надзеі! Верце, прыйдзе дзень і для Беларусі! Мы ганарымся, што гэты “дэмакратычны кірмаш” праходзіць у Вільні, будзьце тут як дома”.

Падчас мерапрыемства грамадскія актывісты прадставілі дзейнасць сваіх арганізацый, распавялі пра існуючыя праекты і  абмеркавалі агульныя праблемы і пытанні. “Гэтае мерапрыемства сабрала розныя сектары грамадскай супольнасці, каб паказаць, што ў Беларусі ёсць не толькі дыктатура і дыктатар, а ёсць яшчэ і дзейная грамадзянская супольнасць, ініцыятывы, што развіваюцца і растуць”, – распавяла дырэктар Беларускага ДПЧ імя Барыса Звозскава Ганна Герасімава (на фота). Стэнд, прадстаўлены праваабаронцамі, вылучыў пытанне беларускіх палітвязняў – кожны жадаючы мог падпісаць паштоўку і атрымаць асноўную інфармацыю пра любога з тых, хто знаходзіцца ў Беларусі за кратамі па палітычных матывах. Разам з іншымі ўдзельнікамі гэтай магчымасцю скарыстаўся і віцэ-спікер Сойма Літвы Пятрас Аўштравічус (на фота), падпісаўшы паштоўку для Алеся Бяляцкага: “Я ведаю, яму нялёгка. Складана родным і блізкім гэтага чалавека. Я спадзяюся, што ён адчувае нашу падтрымку, якая ідзе ад сэрца, і яму ад гэтага лягчэй. Хаця я разумею, вельмі цяжка, калі дзень пачынаецца і заканчваецца ў адной і той жа камеры, дзе  ён сядзіць, па сутнасці, ні за што”.


На другі дзень BўRoom, 29 лістапада, ў Вільні прайшоў кргулы стол па выніках Саміта Усходняга Партнёрства. Удзельнікі – праваабаронцы, журналісты, грамадскія і палітычныя дзеячы – абмеркавалі існуючую сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Так, былі закранутыя пытанні з існаваннем палітычных зняволеных у краіне, аспекты супрацоўніцтва праваабаронцаў з прэсай і стаўленне да правоў чалавека ў беларускім грамадстве. Падчас свайго выступлення старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак прадставіў слухачам вынікі нядаўняга апытання грамадскай думкі «Што беларусы думаюць і ведаюць аб правах чалавека?". У сувязі з агучанымі вынікамі даследавання прысутныя абмеркавалі шляхі падвышэння павагі да правоў чалавека і пазітыўнага стаўлення да праваабарончых арганізацый і іх дзейнасці.

Таксама праваабаронцы агучылі і абмеркавалі чаканні праваабаронцаў ад палітыкі Усходняга Партнёрства па выніках правядзення Віленскага Саміту. Падчас 3-га Беларускага праваабарончага  форума, што прайшоў у Вільні 26-27 кастрычніка, чаканні і заўвагі праваабаронцаў былі сфармуляваныя ў якасці рэзалюцыі на адрас удзельнікаў Саміта Усходняга Партнёрства.

Артыкулы па тэме

Спецдакладчык ААН Міклаш Харасці: «Беларусь павінна гарантаваць права выбіраць і быць абраным»

3-ці Беларускі праваабарончы форум прайшоў у Вільні

Вызваленне палітвязняў – абавязковая ўмова для ўзнаўлення ўзаемаадносін ЕЗ з Беларуссю