Індэкс свабоды прэсы — штогадовы рэйтынг краін, які складаецца паводле ўмоў для існавання свабодных сродкаў масавай інфармацыі ў краіне. Рэйтынг вызначаецца і публікуецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў” і фарміруецца па выніках апытання, якое праводзіцца сярод партнёрскіх арганізацый .
У новым Індэксе свабоды прэсы ў краінах «Усходняга партнерства» экспэрты вызначаюць тры найлепшыя і тры найгоршыя падзеі, якія паўплывалі на развіццё незалежных СМІ. Сярод найгоршых для Беларусі падзеяў у гэтым шэрагу — пазбаўленне ліцэнзіі выдавецтва «ЛогвінаЎ» за выданне альбома “Прэс-фота 2011”, які ў Беларусі быў прызнаны экстрэмісцкім. Таксама ў спісе найгоршых падзеяў адзначана папярэджанне, якое атрымала газета «Народная воля» ад Міністэрства інфармацыі, і выпадкі канфіскацыі на мяжы друкаванай прадукцыі, якую ўлады правяраюць «на экстрэмізм».
З пазітыўных падзеяў удалося налічыць толькі 2: эксперты адзначылі толькі спыненне крымінальнага пераследу гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута, заўважаючы, што адбылося гэта не з добрай волі ўладаў і новыя магчымасці правайдэраў, якія павялічваюць доступ да інтэрнэт-прасторы.
Прадстаўнік БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, адзначыў, што па ўсіх пазіцыях Беларусь ізноў апынулася на апошнім месцы сярод краін «Усходняга партнерства». За пэрыяд маніторынгу ў Беларусі былі зафіксаваныя затрыманні журналістаў пры выкананні прафесійных абавязкаў, незаконнае выманне носбітаў інфармацыі і яе знішчэнне. Эксперты кажуць пра няроўныя ўмовы ў доступе да інфармацыі, недасканалае заканадаўства па абароне гонару і годнасці ад дыфамацыі і адсутнасць грамадскага тэлебачання.
У выніку сярод шасці краінаў «Усходняга партнерства» Еўразвязу ў галіне свабоды СМІ Беларусь засталася на апошнім месцы.
Міжнародная назіральная місія прызначыла Прадстаўніка па становішчы СМІ ў Беларусі
Праблема ў галіне свабоды ваказвання і СМІ з’яўляецца адной з самых актуальных у Беларусі і хвалюе не толькі беларускіх журналістаў і праваабаронцаў, але і іх замежных калегаў, якія неаднаразова звярталіся да ўладаў з заклікамі змяніць сітуацыю ці выказвалі свой прастэст супраць існуючага становішча. 5 лістапада Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі аб’явіла аб прызначэнні Прадстаўніка па становішчы СМІ і свабоды выказвання меркаванняў. Гэтая новая пасада была створана для таго, каб каардынаваць працу маніторынгавай групы Місіі па гэтай тэме, адказваць за фарміраванне рэкамендацый да ўладаў Рэспублікі Беларусь і міжнародным міжурадавым арганізацыям і іншым актараў і дамагацца сістэмнага паляпшэння сітуацыі ў сферы свабоды выказвання меркаванняў у краіне.
Прадстаўніком па становішчы СМІ і свабоды выказвання меркаванняў была прызначаная Таццяна Пячончык, украінская журналістка і актывіст, якая мае 6-гадовы вопыт работы ў галіне абароны і прасоўвання свабоды СМІ і свабоды выказвання меркаванняў.Таццяна Пячончык з’яўляецца членам Міжнароднай Федэрацыі журналістаў і актывістам Незалежнага медыя-прафсаюза Украіны.
З 2007 года каардынавала адмысловы праект «Правы чалавека» ў найбуйнейшым ўкраінскім навінавым агенцтве УНІАН, а ў 2012 годзе разам з калегамі заснавала некамерцыйную арганізацыю «Цэнтр інфармацыі па правах чалавека», якой у дадзены момант кіруе. Цэнтр займаецца пытаннямі свабоды слова ў Украіне і бяспекі журналістаў, блогераў і медыя-актывістаў. Вакол яго таксама была сфарміравана Журналісцкая сетка па правах чалавека, якая каардынуе кампаніі салідарнасці, адукацыйныя мерапрыемствы і абмен інфармацыяй.
29 кастрычніка, незадоўга да прызначэння Прадстаўніка Місіі па становішчы СМІ, у Мінску адбылося затрыманне журналістаў, якія асвятлялі мірную акцыю памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, якое ў чарговы раз прадэманстравала наяўнасць сістэмных праблем са свабодай выказвання меркаванняў у Беларусі і неабходнасць у дадатковых намаганнях па іх вырашэнню. Нагадаем, што Місія ў сваіх заявах і аналітычных аглядах неаднаразова нагадвала праваахоўным органам Беларусі аб неабходнасці правядзення выразнага размежавання паміж удзельнікамі масавых мерапрыемстваў і журналістамі, якія іх асвятляюць, і заклікала іх да прыняцця мераў па абароне журналістаў і садзейнічанню ім у ажыццяўленні іх прафесійнай дзейнасці.
«Мы пастаянна атрымліваем трывожныя сігналы датычна працы калегаў у Беларусі і хацелі б ім дапамагчы. Я гатовая збіраць інфармацыю і глыбей вывучаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, а таксама ўсяляк прасоўваць гэтую тэматыку ў сваёй краіне і іншых дзяржавах. Буду рада, калі мая праца ў якасці Прадстаўніка Місіі дапаможа хоць трохі палепшыць умовы працы журналістаў у Беларусі і будзе садзейнічаць падтрымцы свабоды выказвання меркаванняў у гэтай краіне”, – заявіла Т.Пячончык ў сваім матывацыйным лісце.
Артыкулы па тэме
3-ці Беларускі праваабарончы форум прайшоў у Вільні
Дунья Міятавіч заклікала ўнесці змены ў беларускі закон “Аб СМІ”
У пытанні свабоды слова Беларусь прызнаная адной з горшых краін