4 верасня палітвязню Мікалаю Аўтуховічу стала вядома, што турэмным кантралёрам 27 жніўня на яго быў складзены рапарт за нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку папраўчай установы. Але палітвязень прынцыпова выконвае рэжым. Праз месяц у дачыненні да яго павінны былі быць пагашаны ўсе спагнанні.
Прычынай для складання рапарту паслужыла тое, што нібыта 26 жніўня Мікалай Аўтуховіч пасля адбою не знаходзіўся на сваім спальным месцы. Заявіўшы пра тое, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, ён абскардзіў дадзены рапарт пракурору па Гродзенскай вобласці.Таксама вядома, што Мікалай атрымаў трое сутак ШЫЗА, аднак, не захацеў растлумачыць свайму адвакату, за што.
З канфідэнцыйнай крыніцы ў Турме № 1 (г. Гродна) стала вядома аб тым, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні. Паводле крыніцы, Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту ўскрыў сабе лязом жывот. Прычынай стала адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы № 1 г. Гродна да асуджанага.Два гады ў запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць незаконныя спагнанні менавіта ў той момант, калі павінны быць пагашаны ўсе раней накладзеныя на яго пакаранні.
Такія эмацыйныя паводзіны Мікалая Аўтуховіча, паводле крыніцы, пасля накладання спагнання тлумачыцца тым, што Мікалай старанна пазбягае любых парушэнняў, не даючы ніякай нагоды адміністрацыі «ўзнагародзіць» яго чарговым спагнаннем. Як падкрэсліла крыніца, "… яму як ваеннаму не цяжка ўстаць раніцай да пад’ёму і своечасова легчы спаць. Ён прывык да такога рэжыму. Прывык і па паўгады ні з кім не размаўляць, кажучы ў дзень пару дзяжурных выразаў – толькі б не даваць падставы да далейшых правакацый».
Такім чынам, адміністрацыя турмы імкнецца трымаць Мікалая Аўтуховіча ў статусе «злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання». Менавіта ў гэтым статусе яго лёгка асудзіць па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і дадаць яму дадатковы тэрмін, альбо прызначыць прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.
– У турме любога зняволенага можна «раскруціць» па 411 артыкуле, – каментуе сітуацыю кіраўнік прыватнай культурна-асветніцкай установы Platform Innovation Андрэй Бандарэнка, – досыць рапарту любога кантралёра. Думаю, не трэба казаць, што для нашай пенітэнцыярнай сістэмы гэта стыль жыцця. Так «раскручваюць» усіх, хто непажаданы або на каго атрыманы загад. У выпадку з Мікалаем Аўтуховічам упэўнены, што гэта быў запланаваны рапарт кантралёра і, магчыма, не адзін. Асобна падкрэслю недасканаласць сістэмы перавыхавання асуджаных, якая штурхае іх на крайнія меры для ўласнай абароны. Па сутнасці Мікалая паставілі перад фактам – мы цябе расціснем, асудзім, дадамо тэрмін, і ты не зможаш нават пікнуць. Лёг не ў той час – пад суд! Устаў не так – тэрмін! Усе адпаведна раскладу – усё роўна суд і тэрмін! Вынік – страшны.
Нагадаем, гэта не першае падобнае здарэнне з Мікалаем Аўтуховічам: у снежні 2011 года палітвязень ускрыў сабе вены. Па словах Бандарэнкі, тады Аўтуховіч такім чынам пратэставаў супраць падману з боку адміністрацыі турмы. "Была сакрэтная дамоўленасць аб тым, што калі Мікалай спыняе зносіны з журналістамі, то спыніцца ціск на яго і яго сяброў. Мікалай пагадзіўся, але ціск на яго знаёмых толькі ўзрасла, а яго перавялі ў СІЗА", – адзначыў праваабаронца.
***
Мікалай Аўтуховіч – ветэран вайны ў Афганістане, паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску.7 ліпеня 2006 года быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС, аднак 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі нібыта за захоўванне зброі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі. Праваабаронцы лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.
Артыкулы па тэме
На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Францкевіч
За крытыку сістэмы аховы здароўя беларуса накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне