Барыс Звозкаў пайшоў з жыцця ў чэрвені 2012 года, пакінуўшы пасля сябе добрую славу: пры жыцці ён актыўна займаўся праваабарончай дзейнасцю, практычнай абаронай у палітычна матываваных судовых працэсах, удзельнічаў у экспертызе шэрагу законапраектаў, з 1998 года займаўся прававой асветай у галіне прэвентыўнай праваабароны. З самага пачатку Барыс Звозскаў быў сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў працэсу стварэння і затым развіцця Беларускага дома правоў чалавека, у 2007-2010 гадах быў прэзідэнтам ДПЧ.
Прэзідэнт Беларускага ДПЧ Таццяна Рэвяка (на фота) адзначыла, што змена назвы- гэта знак павагі да прафесіяналізму і адданай працы Барыса Звозскава: "Сказаць проста, што Барыс Звозскаў быў першым прэзідэнтам ДПЧ — гэта вельмі мала. Ён быў яго стваральнікам, натхняльнікам, укладаў у яго шмат сіл і энергіі, свайго часу і здароўя. Наданне Беларускаму Дому правоў чалавека імені Барыса Ігаравіча – гэта толькі невялікі знак той удзячнасці і павагі да гэтага выбітнага і адначасова такога чалавечнага і сціплага калегі. Гэта яшчэ і пацверджанне працягу той традыцыі паважлівасці і прафесіяналізму, якую заклаў у аснову дзейнасці Дома Барыс Ігаравіч Звоскаў. І гэта памяць, якая застаецца ў нашых думках і сэрцах".
Барыс Звозскаў быў шырока вядомы і вельмі паважаны ў праваабарончай супольнасці Беларусі. Ён быў сумленным прафесіяналам, адданым сваёй справе, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу, забываючы пра свае патрэбы і праблемы.
"Ёсць людзі, якія пакідаюць добрую памяць і вялікую павагу да сябе, нават пакінуўшы нас. Іх справы працягваюць жыць, іх ідэі – развівацца, іх меркаванні застаюцца важнымі. Менавіта да такіх людзей належыць наш сябра і калега, праваабаронца Барыс Звозскаў. Вельмі сціплы ў жыцці, ён абараняў правы людзей, якім патрэбна дапамога, не чакаючы ўдзячнасці і прызнання. Шмат у чым дзякуючы ягонай паслядоўнасці і ўпартасці, паўстаў Беларускі Дом правоў чалавека,"- распавяла пра Барыса Звозкава прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка.
Барыс Звозскаў шмат працаваў з журналістамі і актывістамі па пытаннях абароны ў адміністрацыйных і крымінальных працэсах. Варта адзначыць той вялікі ўнёсак, які ён зрабіў у асвету і адукацыю ў галіне правоў чалавека сярод моладзі, юрыстаў, праваабаронцаў і адвакатаў.
Артыкулы па тэме
У Вільні прайшлі акцыі салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі
Спецдакладчык ААН сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі
Беларускі ДПЧ арганізаваў лекцыю па правах чалавека для беларускіх школьнікаў у Вільні