“Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных з’яўляецца абавязковай умовай для ўзнаўлення ўзаемаадносін Еўразвяза і Беларусі. Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца, увогуле, вельмі непакоячым, таму мы, члены групы Еўрапейскай Народнай Партыі, праводзілі прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закона й правоў чалавека ва ўсім дакладзе. Мы таксама падкрэслілі, што грамадзянская супольнасць павінна ўдзельнічаць на роўных з уладай у дыялогу па мадэрнізацыі, дзеля спрыяння міжасабовым стасункам людзей патрэбнае спрашчэнне візавых працэдур і, у доўгатэрміновай перспектыве, забеспячэнне магчымасці безвізавых падарожжаў для для беларусаў”, – заявіў дэпутат Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, Ценявы дакладчык групы ЕНП.
“Пакуль не вызваляюцца палітвязні, не будзе ўведзены мараторый на прымяненне смяротнага пакарання і не будуць праведзеныя справядлівыя выбары, паляпшэння становішча з правамі чалавека ў Беларусі не адбудзецца“, – дадаў Філіп Качмарэк, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
Абодва дэпутаты падкрэслілі, што любое аднаўленне дыялогу паміж ЕЗ і Мінскам павінна адбывацца паводле строгіх умоваў і залежаць ад поступу ў галіне правоў чалавека, грамадзянскіх свабод і дэмакратыі. Тыя ж умовы павінны таксама датычыць нядаўняга рашэння замежных спраў ЕЗ аб прыпыненні візавых санкцый Еўразвяза ў дачыненні да кіраўніка беларускай дыпламатыі Уладзіміра Макея.
Нагадаем, 24 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС у Люксембургу было прынятае рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Разам з тым Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя).
У паведамленні па выніках пасяджэння гаварылася: «Савет спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Каб аблегчыць кантакты, савет сёння прыпыніў забарону на ўезд для беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея».
“Прадастаўляючы спадару Макею права на свабоду перамяшчэння на сваёй тэрыторыі, ЕЗ пацвярджае сваю прапанову дапамогі і парадаў для Беларусі. Я шчыра спадзяюся, што беларускія ўлады скарыстаюцца гэтай унікальнай магчымасцю, каб пачаць канкрэтны і цвёрды дыялог з ЕЗ аб дэмакратычных рэформах, павазе да вяршэнства права, правоў чалавека і асноўных свабод”, завяршыў Яцэк Пратасевіч.
Уладзімір Макей пазіцыю не мяняе
Санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі з’яўляюцца «абсалютна ненармальнай з’явай» і павінны быць адмененыя. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 10 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
«Мы заўсёды выступалі за дыялог і за любыя прапановы, якія маглі б спрыяць развіццю гэтага дыялогу з нашымі еўрапейскімі партнёрамі,
— сказаў Макей. — Мы маем намер падтрымліваць цесныя адносіны з усімі нашымі суседзямі, з усімі краінамі, якія гатовы ісці нам насустрач».
Мы мяркуем,што калі ЕС зацікаўлены ў тым,каб мець дыялог з Беларуссю, то гэта павінен быць раўнапраўны дыялог без якога-небудзь шантажу і ўльтыматумаў».
Артыкулы па тэме
Андрэй Гайдукоў – новы беларускі палітвязень
Праваабаронцы заклікаюць спыніць ціск на Алеся Бяляцкага
Фільм «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс»: гэта не проста скаргі і эмоцыі, гэта скалечаныя жыцці