12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў вінаватым у двайным забойстве і вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання – смяротнай кары у дачыненні да 23-гадовага жыхара Вілейкі.
14 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 25-гадовага мужчыны, які абвінавачваецца ў забойстве студэнткі. Забойства з асобай жорсткасцю адбылося 20 верасня 2012 года, ахвяры былі нанесены 102 нажавыя раненні. Дзяўчына загінула, не дайшоўшы некалькі метраў да свайго пад’езду. Вядома, што дагэтуль ён быў асуджаны на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў сужыцелю сваёй маці. Мужчына памёр ад цяжкіх ранаў. Толькі год асуджаны Аляксандр Гаруноў знаходзіўся на волі.
Суд пагадзіўся з патрабаваннямі дзяржаўнага абвінаваўцы і пакараў маладога мужчыну расстрэлам. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.
«На лаве абвінавачаных чалавек, які ўяўляе павышаную небяспеку, і пакаранне павінна быць максімальна магчымае», – заўважыла абвінаваўца.
Маці абвінавачанага заявіла, што хацела б, каб сыну далі пакаранне пазбаўленнем волі на 25 гадоў: «Ён і так нічога добрага не бачыў у сваім жыцці, а тут зараз такое, просяць яго смерці. У яго бацьку забілі, калі ён быў малы, і забойцаў не знайшлі. Так, ён забіў майго сужыцеля, але той біч быў, бадзяжнічаў, бутэлькі збіраў, ён абараняў сваю дзяўчыну, гэта ў яго дзяўчыны быў канфлікт з сужыцелем», – выказалася маці абвінавачваемага.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта па Гомельскай вобласці Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на судзе, выступае супраць смяротнага пакарання:
– Мы прынцыпова выступаем супраць смяротнага пакарання ў любых выпадках, якія б злачынствы не былі. Але ў дадзеным выпадку я чыста па-чалавечы супраць, каб яму далі смяротнае пакаранне. На мой погляд, гэта чалавек, які вядзе сябе неадэкватна. Які нават не абараняе сябе. Яму была дадзеная магчымасць сказаць апошняе слова. А ён маўчыць.
Генпракурор Беларусі незадаволены ажыятажам вакол прысудаў і іншых варыянтаў пакарання не бачыць
Генеральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк (на фота) выказаў незадаволенасць пазіцыяй мэдыя і праваабаронцаў адносна вынесеных нядаўна ў краіне двух смяротных прысудаў — у Гомелі і Горадні.
«Зноў пачаўся лямант у СМІ. Пра што яны лямантуюць? Лямантуюць пра лёс чалавека, які загубіў некалькі жыццяў. Але ніхто не пагаварыў з маці 22-гадовай забітай дзяўчыны, ніхто не пацікавіўся, як далей будуць жыць блізкія ахвяраў», — заявіў генпракурор, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў.
Паводле Аляксандра Канюка, «сёння ёсць зрух у тым, што мы больш клапоцімся пра злачынцаў, а не пра ахвяры».
«Лямант пачаўся, але як злачынцу выправіць, калі ён адрэзаў галаву і ездзіў з ёй у сумцы па рэспубліцы? Што рабіць з нягоднікам, які нанёс 122 нажавых раненняў сваёй ахвяры?» — рытарычна запытаўся генпракурор краіны.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на сітуацыю са смяротным прысудам за забойства сукамерніка
Праваабаронцы занепакоеныя сітуацыяй, што склалася вакол Рыгора Юзэпчука, асуджанага на смяротнае пакаранне за забойства сукамерніка ў Магілёўскай турме.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікае беларускія ўлады адмяніць смяротны прысуд Рыгору Юзэпчуку, увесці мараторый на выкананне смяротных пакаранняў у Беларусі ды правесці расследаванне, якім чынам Юзэпчуку ўдалося забіць сукамерніка ў турме, падлеглай МУС Беларусі.
«Паводле паведамленняў СМІ, трое вязняў гулялі ў даміно, зрабіўшы стаўкай свае жыцці, і той, хто прайграў, быў задушаны шалікам 5 ліпеня 2012 году. Рыгор Юзэпчук не адмаўляе забойства свайго сукамерніка. Ён адбываў 25-гадовы тэрмін за забойства, і быў судзімы раней. Забойства сукамерніка Рыгорам Юзэпчукам была здзейсьнена ў турме, падлеглай Міністэрству ўнутраных справаў, якое абавязана ахоўваць тых, хто пад вартай» — напісала Amnesty International у сваёй заяве.
«У Беларусі смяротныя прысуды часцяком выносяцца ў выніку несправядлівых судовых працэсаў, якія ўключаюць вымушаныя прызнанні. Яны выконваюцца ў строгай таямніцы, без адпаведнага апавяшчэння ні саміх зняволеных, ні іх сем’яў або законных прадстаўнікоў. Улады адмаўляюцца вяртаць целы пакараных іх сваякам і нават сказаць ім, дзе яны пахаваныя, да таго пакаранні выконваюцца, нягледзячы на просьбы Камітэту ААН па правах чалавека не рабіць гэтага» — адзначыла Amnesty International, заклікаючы пісаць па справе смяротнага прысуду Рыгору Юзэпчуку на адрас прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка і міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.
Праваабаронцы супраць дыскрымінацыі асуджаных паводле нацыянальнай прыналежнасці
1 чэрвеня на тэлеканале “Беларусь-1” у праграме “Таямніцы следства” з’явіўся сюжэт, у якім распавядаецца пра забойства, здзейсненае Рыгорам Юзэпчуком і яго саўдзельнікам забойства сукамерніка ў Магілёўскай турме. У кантэксце адмоўных характарыстык Юзэпчука некалькі разоў указваецца яго нацыянальная прыналежнасць. У сюжэце выкарыстоўваюцца словазлучэнні “з цыганам Юзэпчуком было ўсё зразумела”, “з малаадукаваным цыганам Юзэпчуком”, “са словаў цыгана”, “асуджаны цыган Юзэпчук” і г.д. Пры гэтым нацыянальнасці саўдзельніка Паўла Петракова і пацярпелага Ігара Ходанава, якія таксама маюць скрайне адмоўныя характырыстыкі асобаў, у дадзеным сюжэце не ўказваюцца.
Па меркаванні праваабаронцы Валянціна Стэфановіча (на фота) падобнае ўказанне на нацыянальную прыналежнасць злачынцы можа спрыяць праявам ксенафобіі і дыскрымінацыйным паводзінам у грамадстве, а таксама фармаванню выключна негатыўных ацэнак у дачыненні да прадстаўнікоў усёй цыганскай нацыянальнай меншасці ў нашай краіне.
“Падобная практыка з’яўляецца некарэктнай у дачыненні да грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці і сведчыць аб не зусім высокіх прафесійных якасцях журналістаў, якія дапускаюць такія абагульненні”, – лічыць праваабаронца.
Праваабаронца Валянцін стэфановіч накіраваў зварот да старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, дзе звяртае ўвагу, што гэта, на жаль, не першы выпадак, калі ў крымінальнай хроніцы беларускага тэлебачання ўказваецца менавіта цыганская нацыянальнасць злачынцаў ці асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў. Ён звярнуўся з просьбай да Генадзя Давыдзькі правесці праверку ўказаных фактаў, а таксама тлумачальную працу з аўтарамі праграмы аб недапушчальнасці падобных фактаў у будучыні.
Артыкулы па тэме
Фільм «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс»: гэта не проста скаргі і эмоцыі, гэта скалечаныя жыцці