Галасаванне па рэзалюцыі, што прапаноўвала на год працягнуць мандат спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі было праведзенае 13 чэрвеня ў рамках сесіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ), што праходзіць у Жэневе.

«Рада пастанаўляе працягнуць на адзін год мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць Спецыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Радзе па правах чалавека на яго 26-й сесіі і Генеральнай асамблеі на яе 69-й сесіі», — сказана ў праекце рэзалюцыі.

У дакуменце выказваецца глыбокая занепакоенасць наконт «працягу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якія носяць структурны і эндэмічны характар, а таксама сістэмных і сістэматычных абмежаванняў правоў чалавека, асабліва адносна свабоды асацыяцый, сходаў і права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне».

РПЧ выказвае занепакоенасць наконт «прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах утрымання пад вартай, адсутнасці рэакцыі ўрада на выпадкі гвалтоўных знікненняў палітычных апанентаў,  парушэнняў працоўных правоў, раўназначных прымусовай працы, значных прабелаў у антыдыскрымінацыйным заканадаўстве, беспакаранасці асоб, якія парушаюць правы чалавека, уціску арганізацый грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанентаў, аказання ціску на адвакатаў, няўдзелу апазіцыйных палітычных партый у працы парламента».

Рада заклікае ўрад Беларусі правесці «ўсёабдымны агляд заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для таго, каб нормы былі дакладна вызначаныя, адпавядалі міжнароднаму праву і абавязацельствам краіны ў галіне правоў чалавека і не выкарыстоўваліся для перашкоды або празмернага абмежавання любых правоў чалавека, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцыі і мірных сходаў і свабоду сродкаў масавай інфармацыі».

Рада настойліва заклікае ўрад Беларусі неадкладна і безагаворачна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама рэабілітаваць тых, хто ўжо быў вызвалены.

Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН, у тым ліку шляхам прадастаўлення яму доступу для наведвання краіны і доступу да патрэбнай інфармацыі.

Рэзалюцыя адлюстроўвае праблемы Беларусі і падтрыманая большасцю галасоў
Дэлегат Ірландыі, які выступіў па даручэнні краінаў Еўразвязу, якія ўваходзяць у Раду ААН, адзначыў: «Рэзалюцыя адлюстроўвае высновы, зробленыя спецдакладчыкам наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны сведчаць пра існаванне сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Гэтыя парушэнні маюць сістэмны і сістэматычны характар. Яны ўключаюць у сябе абмежаванні права на свабоду выказванняў, мірныя сходы асацыяцыяў. Таксама па-ранейшаму працягваюцца запалохванні, пераслед і зняволенні палітычных апанентаў, праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў. Таксама ёсць звесткі пра катаванне і незаконнае абыходжанне са зняволенымі за кратамі».

Беларускія ўлады, як і чакалася, падтрымаў прадстаўнік Венесуэлы. Ён казаў пра нібыта падвойныя стандарты адносна да Беларусі і палітызаванасць гэтага пытання. Пасля ўсіх выступаў адбылося галасаванне.

Сябра рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Тацяна Рэвяка так пракаментавала рашэнне Рады па правах чалавека ААН працягнуць мандат спецдакладчыка па Беларусі: «Вельмі станоўча, што рэзалюцыя па Беларусі ўхваленая і мандат спецдакладчыка будзе дзейнічаць яшчэ адзін год. Гэта знак таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не выпраўляецца і што яна знаходзіцца ў полі зроку міжнароднай супольнасці. Гэта вельмі моцны знак».

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі Міхаіл Хвастоў: “Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку”
4 чэрвеня на сесіі быў заслуханы даклад спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці. Пры абмеркаванні гэтага дакумента прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў, што Беларусь не мае патрэбы ў спецыяльным дакладчыку або іншых падобных інстытутах. Хвастоў таксама заявіў, што гэты даклад выкарыстоўваецца для аказання палітычнага і эканамічнага ціску на Беларусь.

«Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку. Мы ведаем, якія ў нас ёсць праблемы, і гатовы іх вырашаць. У нас ёсць свая мадэль, заснаваная на нацыянальным суверэнітэце, бяспецы і вяршэнстве закона. Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Артыкулы па тэме

У Беларусі судзяць грамадскага актывіста Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў шпіянажы

Дунья Міятавіч заклікала ўнесці змены ў беларускі закон “Аб СМІ”

Праваабаронцы заклікаюць спыніць ціск на Алеся Бяляцкага