Фільм Вольгі Никалайчык «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс » сабраў у залі больш за сто чалавек і распавёў прысутным пра катаванні, здзекі, жорсткае стаўленне і парушэнні правоў чалавека з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў розных сілавых структур. Сюжэт фільма сабраў некалькі гісторый палітычных і грамадскіх актывістаў, якія апавялі пра свой вопыт зносінаў з беларускімі сілавымі структурамі. Так, экс-кандыдат ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч распавёў, як падвяргаўся здзекам ў СІЗА КДБ, быў вымушаны падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, а потым з’ехаць з Беларусі, папрасіўшы палітычнага прытулку ў Чэхіі. Беларускі праваабаронца Павел Левінаў быў затрыманы пасля трэракта ў мінскім метро ў красавіку 2011 года і распавёў пра агрэсіўныя паводзіны супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія пагражалі абвінаваціць яго ў арганізацыі тэракту. У фільме таксама была прадстаўлена і гісторыя моладзевага актывіста Андрэя Молчана, што быў жорстка збіты супрацоўнікамі міліцыі за тое, што выйшаў у цэнтр Мінска з бел-чырвона-белым нацыянальным беларускім сцягам. Украінскія актывісткі FEMEN распавялі пра катаванні і прыніжэнні, якія ім прыйшлося перажыць пасля перфоманса каля будынка КДБ у Мінску.
Дыскусія з рэжысёрам Вольгай Нікалайчык была арганізаваная праз скайп, а ў залі з гледачамі размаўлялі праваабаронца Сяргей Усцінаў, Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, Вольга Завадская, маці зніклага ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага, Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, і былыя палітвязні Кацярына Садоўская і Дзмітры Буланаў. Яны распавялі прысутным свае гісторыі пра затрыманні, арышты і ціск.
Рэжысёр Вольга Нікалайчык адзначыла, што ў сваёй працы яна імкнулася данесці людзям інфармацыю пра здзекі, якія церпяць людзі, бо гэта адзінае што яна можа зрабіць у дадзенай сітуацыі.
Праваабаронца Сяргей Усцінаў (на фота) у сваю чаргу зазначыў, што жорсткае стаўленне з боку праваахоўных органаў і сілавых структур у сур’ёзнай ступені ўплывае на лёс людзей, якія з гэтым сутыкнуліся: “ Гэта не проста скаргі і эмоцыі. Гэта жыцці, часта скалечаныя і зламаныя”.
Таксама госці звярнулі ўвагу прысутных на ўнікальнісць імпрэзы праз тое, што ў Беларусі на дадзеным этапе няма мажлівасці сабрацца і праглядзець падобны фільм і абмеркаваць яго ў шырокім коле.
Артыкулы па тэме
Год як смяротны прысуд выкананы, але пытанні засталіся
Становішча палітычных зняволеных у Беларусі крытычнае, свабода 40 актывістаў сур’ёзна абмежаваная
У першы дзень датэрміновага галасавання ў Мінску жорстка разагнаны пікет (абноўлена)