Любоў Кавалёва гэтымі днямі атрымала шмат лістоў і паштовак ад тых людзей, хто, як і яна, не вераць у вінаватасць яе сына і лічаць, што судовы працэс над віцебскімі хлопцамі быў несправядлівы, а пакаранне – неапраўдана жорсткім.
Паштоўкі і лісты прыходзяць з розных краін, сярод іх – і допісы ад міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, і спачуванні ад звычайных людзей, жыхароў Беларусі і замежжа. Тыя, хто звяртаецца да сям’і Кавалёвых у гэтыя дні, жадаюць моцы духу маці і сястры расстралянага Уладзіслава Кавалёва, выказваюць спадзяванне, што ў будучыні справа аб выбуху ў мінскім метро будзе разгледжана аб’ектыўна, што пакаранне панясуць сапраўды вінаватыя, а невіноўных апраўдаюць.
Любоў Кавалёва згадвае, што апошні раз бачыла сына жывым 11 сакавіка мінулага года. Тады іх з дачкой тэрмінова выклікалі на спатканне з Уладзіславам у СІЗА КДБ. Перанесці спатканне на дзень пазней адміністрацый установы не пагадзілася, а падчас сустрэчы супрацоўнікі турмы былі падкрэслена ветлівыя з наведнікамі… Гэта, а таксама шэраг іншых фактаў даюць маці падставы меркаваць, што Уладзіслава Кавалёва расстралялі не 15 сакавіка, як было напісана ў афіцыйным паведамленні, а раней. Не выключана, што і ў той самы дзень, калі было апошняе спатканне.
Любоў Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй вярнулі цела расстралянага сына
Маці пакаранага смерцю неаднаразова звярталася да беларускіх уладаў, каб ёй аддалі цела сына, якога яна лічыць неправамоцна абвінавачаным і беспадстаўна пакараным, або каб ёй хаця б паказалі месца, дзе ён пахаваны. Але ў адказ прыходзілі толькі адмовы са спасылкамі на палажэнне беларускага заканадаўства, згодна з якім цела расстралянага сваякам не выдаецца, і месца яго апошняга спачыну назаўжды застаецца таямніцай.
Л.Кавалёва ўпэўненая, што такое патрабаванне заканадаўства – гэта здзек і катаванні ў адносінах да сем’яў пакараных смерцю:”Раней здзекваліся з Улада, збівалі яго, змушаючы даць патрэбныя следчым паказанні. Цяпер катуюць мяне. Я лічу, што абавязкова трэба дамагчыся, каб мне аддалі цела сына. І каб адмянілі смяротная пакаранне, бо яно незваротнае: нават у тым выпадку, калі з’яўляюцца доказы невінаватасці чалавека, яго ўжо не вернеш… І яшчэ так і засталася нявыкананай апошняя воля Уладзіслава: ён прасіў захаваць ягоныя запісы, што вёў падчас суду і ў СІЗА КДБ. Але жоўтую тэчку, дзе былі гэтыя паперы, пасля выканання прысуду нам даслалі пустой. І я не ведаю, хто і з якімі мэтамі хавае гэтыя запісы. Яны згінулі недзе ў нетрах турмы КДБ, які і тыя даверанасці, якія мусіла падпісаць адміністрацыя – з імі я магла б зрабіць болей ад імя сына. Але мне гэтага не дазволілі”.
Праваабаронцы працягваюць задаваць пытанні
На прэс-канферэнцыі, што прайшла 13 сакавіка ў Мінску з нагоды гадавіны выканання прысуду, праваабаронца Раман Кісляк адзначыў, што важна зараз высветліць, якая структура выконвала смяротны прысуд у дачыненні да Канавалава і Кавалёва:
“Гэта можа быць альбо следчы ізалятар № 1 МУС, дзе звычайна ўтрымліваюцца “смяротнікі”, альбо СІЗА КДБ, у якім утрымліваўся Кавалёў. “Высвятленне тых, хто прывёў ў выкананне прысуд, неабходна, каб разумець, як дзейнічаць далей, ад каго дамагацца адказаў”, – сказаў Кісляк.
Наступным дзеяннем, паводле яго слоў, стане патрабаванне аб раскрыцці месца пахавання Кавалёва. Кісляк таксама заявіў, што праваабаронцы маюць намер дамагацца выключэнні з заканадаўства Беларусі нормы, згодна з якой цела казённага не выдаецца сваякам.
Нават цяпер сям’я іншага расстралянага пазбягае кантактаў
Што да сям’і другога пакаранага па справе аб тэрарызме, Дзмітрыя Канавалава, то, паводле праваабаронцы Паўла Левінава, яна па-ранейшаму пазбягае якіх-небудзь кантактаў. Валанцёр Беларускага Хельсінскага камітэта Павел Левінаў лічыць, што бацькі Канавалава не ідуць на кантакт з-за пагрозаў з боку сілавых структураў:
– Фактычна ўся сям’я Канавалавых пасля арышту Дзмітрыя – гэта старэйшы брат і бацька, былі ўзятыя пад варту, утрымліваліся наколькі я памятаю каля трох месяцаў. На свабодзе засталася толькі маці, жанчына, якая была запужана. Магу толькі здагадвацца, які псіхалагічны ціск ажыццяўляўся на маці, магчыма псіхалагічны, фізічны ціск аказваўся на крэўных Дзмітрыя Канавалава. Магчыма ім нават нешта і абяцалі, што калі яны будуць маўчаць, то жорсткі прысуд сыну не будзе вынесены.
Увесь час судовага разбіральніцтва да моманту выканання прысуду, бацькі Дзмітрыя Канавалава знаходзіліся пад аховай людзей у цывільным.
***
За змаганне супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, за памкненне адстаяць чэснае імя сына Любоў Кавалёва летась была прызнана “Праваабаронцам году”: 10 снежня 2012 г. беларускія праваабарончыя арганізацыі ўганаравалі яе гэтым званнем. Паводле вынікаў галасавання на сайце “Народныя Навіны Віцебску” Любоў Кавалёва стала “Чалавекам году Віцебска -2012”.
Нагадаем, што ў выніку выбуху ў на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску 11 красавіка 2011 года загінулі 15 чалавек, 315 – пацярпелі. У здзяйсненні тэракту быў абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў, а саўдзельнікам прызнаны Уладзіслаў Кавалёў. Абодва былі жыхарамі Віцебска. 30 лістапада 2011 Вярхоўны суд прыгаварыў маладых людзей да вышэйшай меры пакарання.
Артыкулы па тэме
Становішча палітычных зняволеных у Беларусі крытычнае, свабода 40 актывістаў сур’ёзна абмежаваная
Маці расстралянага Любоў Кавалёва прызнаная чалавекам года ў родным горадзе