У заяве, накіраванай да беларускіх уладаў, аўтары звяртаюць увагу на факт, што “нягледзячы на тое, што 14 лютага 2013 намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў на прэс-канферэнцыі, што ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных у турмах і калоніях Беларусі такія ж, як і ва ўсіх астатніх асуджаных, факты, сабраныя арганізацыямі, з відавочнасцю кажуць пра іншае” . Так, паводле аўтараў заявы, “11 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах, пастаянна спазнаюць пакаранні, якія рэзка пагаршаюць і без таго нялёгкія рэжымы іх утрымання, абмяжоўваюць іх сродкі да існавання, якасць харчавання і медычнай дапамогі”.
У якасці праяваў ціску ў заяве згадваюцца пазбаўленне спатканняў са сваякамі і абмежаванне карэспандэнцыі , таксама аўтары звяртаюць ўвагу на пастаянны ціск на палітвязняў з мэтай атрымання прашэння аб памілаванні. Да таго ж, у заяве адзначаецца, што “абмежаваны доступ да адвакатаў, калі часцей за ўсё сустрэчы адбываюцца ў прысутнасці канвою, не дазваляе бяспечна перадаваць інфармацыю аб усіх праявах ціску”.
FIDH і ПЦ «Вясна» таксама адзначылі, што акрамя 11 палітычных зняволеных, свабода шэрагу грамадзянаў Беларусі, якія не знаходзяцца ў месцах зняволення, у цяперашні час сур’ёзна абмежаваная з прычыны іх асуджэння або пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах. Паводле праваабаронцаў, гэта тычыцца 40 чалавек.
Так, у дачыненні да трох актывістаў на падставе адміністрацыйных спагнанняў, вынесеных судамі ў сувязі з іх грамадскай дзейнасцю ў 2012 г., быў вызначаны прафілактычны нагляд з боку органаў унутраных справаў. У заяве тлумачыцца, што яны абавязаныя знаходзіцца дома ў начны час, не могуць выязджаць за межы населенага пункту без дазволу адказнага органу, на іх распаўсюджваецца шэраг забаронаў, у тым ліку на наведванне публічных месцаў. Парушэнне гэтага рэжыму можа пацягнуць паўторнае прыцягненне да крымінальнай адказнасці і пазбаўленне волі.
FIDH і ПЦ “Вясна” прадставілі аналітычную запіску, што наглядна дэманструе сістэматычныя рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да асобаў, якія адбываюць і ўжо адбылі пакаранне за сваю палітычную ці праваабарончую дзейнасць. Гэты дакумент быў перададзены Спецыяльнаму дакладчыку па Беларусі пры Радзе па правах чалавека ААН, Еўрапейскаму камісару па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфану Фюле, адпаведным тэматычным інстанцыям ААН, АБСЕ і іншым міжнародным механізмам па абароне правоў чалавека.
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуюць ад уладаў спыніць рэпрэсіі; вызваліць і зняць судзімасьць з усіх незаконна асуджаных, а таксама перагледзець справы, у якіх відавочны палітычны складнік, і зняць з раней вызваленых ахвяраў палітычна матываванага пераследу ўсе абмежаванні ў правах.
Артыкулы па тэме
Фундацыя ДПЧ заклікае вызваліць Алеся Бяляцкага ў ААН
Алеся Бяляцкага падтрымала больш за 100 тысяч чалавек па ўсім свеце
Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць ціск на журналістку Ірыну Халіп