Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва, якога Вярхоўны суд прызнаў вінаватым у здзяйсненні выбуху ў мінскім метро разам Дзмітрыем Канавалавым, дагэтуль не спыняе змагацца за гонар свайго сына. Яна лічыць абодвух віцебскіх хлопцаў несправядліва асуджанымі, патрабуе вярнуць ёй цела расстралянага сына ці хаця б указаць месца ягонага пахавання, і выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

У сваім змаганні за жыццё сына маці прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, неаднаразова звярталася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы аб’ектыўнага разгляду крымінальнай справы, паводле якой расстралялі Ўладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Спадарыня Кавалёва звярталася і ў міжнародныя інстанцыі. Паводле яе звароту, Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што ў дачыненьні да Уладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння. Таксама Беларусь, паводле высноваў КПЧ ААН, парушыла шэраг палажэнняў Пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы.

У канцы студзеня маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўлення Вярхоўнага Камісара паведамленне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага года ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананні рашэння Камітэта па правах чалавека ААН па справе яе сына.

Беларусь, па рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, павінна прызнаць, што ў адносінах да Уладзіслава Кавалёва былі парушаны права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэння.

Даведаўшыся, што паводле вынікаў онлайн-галасавання яна стала “Чалавекам года Віцебска-2012, Любоў Кавалёва сказала: “Гэта, безумоўна прыемна, бо гэта падтрымка мне ў маіх намаганнях. Тыя, хто аддаў за мяне галасы, падзяляюць мае меркаванні, падтрымліваюць у змаганні за чэснае імя Улада. Але гэткай славай я не ганаруся: лепей бы засталіся жывыя нашы дзеці. Таму гэткая вядомасць – гэта вельмі балючы напамін пра тое, што ні Улада, ні Дзіму ўжо не вернеш”.

Праваабаронца Раман Кісляк, які дапамагае Любові Кавалёвай, спадзяецца, што на гэты раз Беларусь зробіць крок у цывілізаваным накірунку і вернецца да выканання сваіх абавязацельстваў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах — апублікуе дадзенае рашэнне, а таксама прыме меры, каб такія парушэнні ў будучым не паўтараліся.

***

30 лістапада 2012 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання – смяротнай кары. 14 сакавіка 2012 года стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва (на фота), асуджаных на смерць за тэракт у мінскім метро. 17 сакавіка 2012 года сваякі атрымалі паведамленне з Вярхоўнага суду аб тым, што прысуд Уладзіславу Кавалёву прыведзены ў выкананне.

Артыкулы па тэме

Маці расстралянага – праваабаронца года ў Беларусі

«Вярніце цела»: Любоў Кавалёва патрабуе вярнуць цела расстралянага сына

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць