Мінск, 02.10.2020 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Андрэю Войнічу, Яўгену Афнагелю і Паўлу Юхневічу, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Войніч, Яўген Афнагель і Павел Юхневіч з’яўляюцца прынцыповымі і даўнімі праціўнікамі існуючага палітычнага рэжыму ў краіне.

Яўген Афнагель удзельнічаў у стварэнні адной з найбольш актыўных і вядомых моладзевых апазіцыйных арганізацый 90-х “Малады фронт”. Пазней ён, Павел Юхневіч і Андрэй Войніч былі аднымі са стваральнікаў і актыўнымі ўдзельнкамі апазіцыйнага руху “Зубр”. За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную дзейнасць яны неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.

Пасля падзеяў 2010 г. Яўген Афнагель працяглы час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе працягнуў актыўную апазіцыйную палітычную дзейнасць.

Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў, актывістаў “Еўрапейсай Беларусі” Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”

Беларускі Дакументацыйны цэнтр

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”

Беларускі ПЭН-цэнтр

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава