Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць ціск і запалохванне людзей за іх удзел у выбарчай кампаніі

Тэрміновая заява праваабарончай супольнасці Беларусі.

Мінск, 11 чэрвеня 2020 г.

Мы канстатуем працяг распачатых у траўні 2020 года рэпрэсій супраць актывістаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян, нягледзячы на адпаведныя заклікі нацыянальнай праваабарончай супольнасціміжнародных арганізацый і экспертаў ААН.

Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі з самага свайго пачатку праходзіць у атмасферы страху, пагроз і запалохвання, ідуць затрыманні і арышты актывістаў ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты і простых выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах па зборы подпісаў. Працягваецца палітычна матываваны крымінальны пераслед Сяргея Ціханоўскага, які збіраўся вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, і шэрагу іншых грамадзян па справе, у якой улады звярнуліся да адкрытай правакацыі.

Раніцай 11 чэрвеня стала вядома аб тым, што Святлана Ціханоўская, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, папрасіла членаў сваёй ініцыятыўнай групы не праводзіць пікеты па зборы подпісаў у бліжэйшыя некалькі дзён з-за асцярогі працягу рэпрэсій у дачыненні да зборшчыкаў подпісаў.

У гэты ж дзень пачаліся ператрусы ў галаўным офісе “Белгазпрамбанка”, кіраўніком якога цягам 20 гадоў быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Мы разглядаем гэтыя дзеянні як ціск на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

У такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў. Нагадваем, што ў адпаведнасці з Капенгагенскім дакументам АБСЕ, Рэспубліка Беларусь, як дзяржава-удзельніца Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, заявіла, што воля народа, выражаемая свабодна і сумленна ў ходзе перыядычных і сапраўдных выбараў, з’яўляецца асновай улады і законнасці любога ўрада, і абавязалася паважаць права сваіх грамадзян прымаць удзел у кіраванні краінай непасрэдна або праз прадстаўнікоў, якія выбіраюцца імі свабодна ў ходзе сумленнага выбарчага працэсу.

Мы заклікаем улады Беларусі:

забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Капенгагенскім дакуменце і ў іншых міжнародна-прававых дакументах у сферы правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы, правы быць абраным на свабодных выбарах, права не падвяргацца адвольным затрыманням, і спыніць ціск і запалохванне грамадзян у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Праваабарончы цэнтр ” Вясна”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр»;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”.

Latest

September 22, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай

Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці.

September 18, 2020

New UN human rights investigative mechanism in Belarus must accompany political dialogue

After holding an urgent debate today to scrutinise the serious human rights violations surrounding the 9 August presidential election in Belarus, the UN took immediate action, mandating its most senior human rights official to outline a process for accountability in Belarus before the end of the year.