Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў ПЦ “Вясна” у сувязі з ажыцяўленнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Заява беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 13 кастрычніка 2020 г.

2 кастрычніка у г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк. Па месцы ягонага жыхарства адбыўся ператрус.

9 кастрычніка Андрэю было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры  ПЦ “Вясна” сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзеючай улады: крымінальным пераслед, адміністрацыйным арыштам і затрыманнямі, блакаваннем сайту арганізацыі.

31 жніўня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293 КК валанцёр ПЦ “Вясна” Павел Гарбуз.

Неўзабаве Павел Гарбуз быў вымушаны пакінуць Беларусь і падрабязна распавёў пра акалічнасці свайго затрымання і пра пагрозы ў адрас ПЦ “Вясна”, якія гучалі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія казалі, што хутка арыштуюць усіх сябраў арганізацы і пакладуць канец яе дзейнасці.

17 верасня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая і ўзятая пад варту сяброўка ПЦ “Вясна” і каардынатарка валанцёскай службы “Вясны” Марфа Рабкова. 25 верасня ёй было прад’яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК. З тых часоў Марфа знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Уся іх дзейнасць насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.

Андрэй Чапюк добраахвотна ахвяраваў свой вольны асабісты час на аказанне дапамогі ПЦ “Вясна” у ажыцяўленні праваабарончай дзейнасці,  з’яўляецца чалавекам шчыра адданым ідэалам гуманізма і правоў чалавека.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў ПЦ “Вясна” у сувязі з  ажыцяўленнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.

Пераслед Андрэя Чапюка у сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванню і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 3.1 b) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні  Андрэя Чапюка палітычным зняволеным і патрабуем:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго;
  • Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” і ўсіх беларускіх праваабаронцаў;
  • Неўхільна выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы па забеспячэнні гарантый ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

Latest

October 25, 2020

Пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый па канстытуцыйнай рэформе

У сувязі з заявай уладаў аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць неабходным адзначыць наступнае.

October 23, 2020

HRHF statement on allegations concerning the Russian Youth Human Rights Movement

Human Rights House Foundation (HRHF) is deeply troubled by the serious allegations made by former members of the Youth Human Rights Movement (YHRM) against the former leadership of the organisation, published by the online media outlet 7×7 on 8 October 2020.