Патрабуем неадкладнага вызваленння праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі

Мы лічым пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай абаронай правоў чалавека, а іх саміх – палітычнымі зняволенымі.

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 20 студзеня 2021 г.

Як нам стала вядома, 18 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у г. Гомеле быў затрыманы праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леанід Судаленка.

На гэты момант ён падазраваны па крымінальнай справе па арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змешчаны ў ІЧУ.

Нагадаем, 5 студзеня ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс “Гомельскай вясны”, прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе быў Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама вобшук правялі ў яго доме.

Таксама позна ў вечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў ператрус. У чым яна падазраецца і ў якім працэсуалным статусе яна знаходзіцца, не вядома.

Леанід Судаленка – вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які  на працягу 20-ці гадоў абараняе правы чалавека: аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў чалавека беларускімі ўладамі. За сваю праваабарончую дзейнасць быў узнагароджаны прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства” у 2018 годзе, у 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека.

Беларускія ўлады рэгулярна пераследвалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі правакацыі з мэтай прыцягення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрыдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецлсужбам інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.

Цяперашні крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.

Так, дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, у чарговы раз адзначаем наступнае:

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.

Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю, і пераслед за такую дзейнасць з’яўляецца абсалютна не прымальным, грубым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.

Зыходзячы з гэтага, мы ўважаем пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Latest

March 2, 2021

HRC46: Joint NGO letter addressing human rights crisis in Belarus

On 2 March 2021, Human Rights House Foundation (HRHF) was among 13 international NGOs calling on the UN Human Rights Council to create a new mechanism assisting in the process of accountability for human rights violations in Belarus. The NGOs also outlined several key elements that a new mechanism should contain.

March 1, 2021

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 7 палітычных зняволеных

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед указаных асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

March 1, 2021

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна палітычна матываваным, а саміх Марыю Сафонаву і Андрэя Сысуна палітычнымі зняволенымі.