Пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый па канстытуцыйнай рэформе

У сувязі з заявай уладаў аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць неабходным адзначыць наступнае.

Мы мяркуем, што арганізаваны ўладамі працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю з’яўляецца спробай замаўчаць грубыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні ў дачыненні да тысяч затрыманых. Ва ўмовах катастрафічнага становішча з правамі чалавека, якое склалася ў цяперашні час у Беларусі, поўнай дэвальвацыі прынцыпу вяршэнства права, у атмасферы страху і запалохвання, а таксама ўлічваючы тое, што шэраг удзельнікаў патэнцыйнага працэсу дыялогу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадства, знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя – дэ-факта ў выгнанні з краіны, немагчыма праводзіць сапраўды інклюзіўны і эфектыўны працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю.

Хочам нагадаць, што ў цяперашні час у краіне больш за 100 палітычных зняволеных, пераследу падвяргаюцца журналісты, адвакаты і праваабаронцы. З 9 жніўня амаль 15 000 чалавек былі затрыманыя за мірнае ажыццяўленне свайго права на сходы, тысячы людзей падвергліся катаванням, гвалту і жорсткаму абыходжанню. Сур’ёзнаму ціску падвяргаюцца СМІ, журналісты і блогеры. Права на свабоднае выказванне свайго меркавання беспрэцэдэнтна абмежаванае. Людзі, якія не згодныя з тым, што адбываецца і адкрыта выказваюць сваё меркаванне, уключаючы медыкаў, спартсменаў і працоўных, падвяргаюцца ганенням і рэпрэсіям.

Па фактах масавых катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання з затрыманымі да цяперашняга часу пры наяўнасці мноства фота- і відэадоказаў не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы. Улады не толькі пазбавілі людзей прававых механізмаў абароны ад самавольства супрацоўнікаў сілавых органаў, але і публічна выказалі адабрэнне іх дзеянням, што знішчыла давер людзей да ўлады і дзяржаўных інстытутаў.

Мы лічым важным працэс рэфармавання Канстытуцыі, у тым ліку для забеспячэння рэальнага падзелу ўладаў, для стварэння дадатковых мер па абароне правоў чалавека, аднак эфектыўны дыялог па абмеркаванні прапаноў па змене Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку дээскалацыі сітуацыі ў краіне: адмовы ад рэпрэсій і пераследу іншадумцаў, спынення затрыманняў мірных дэманстрантаў, вызвалення палітычных зняволеных, пачатку працэдур прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да катаванняў. Пры гэтым працэс абмеркавання і ўліку меркаванняў па пытаннях змяненняў у Канстытуцыю павінен грунтавацца на адкрытых і выразных правілах, з вызначэннем канкрэтных тэрмінаў; удзел у канстытуцыйнай рэформе для розных груп павінен быць ясным і інклюзіўным; камісія па абмеркаванні прапаноў па змене Канстытуцыі павінна быць сфарміраваная празрыста і ўключаць у сябе прадстаўнікоў усяго спектру некамерцыйных арганізацый і ініцыятыў.

У выпадку прызначэння рэферэндуму па змене Канстытуцыі, правядзенне рэферэндуму павінна быць арганізавана новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, паколькі мінулы склад цалкам дыскрэдытаваў сябе ў вачах грамадскасці, а таксама мясцовымі выбарчымі камісіямі, утворанымі на плюралістычных пачатках. Правядзенню рэферэндуму павінна папярэднічаць рэформа выбарчага заканадаўства, накіраваная на максімальную імплементацыю рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Без ўнясення такіх змяненняў у Выбарчы кодэкс не будзе забяспечаны давер да вынікаў рэферэндуму з боку грамадзян і, адпаведна, яго легітымнасць у вачах беларускага грамадства.

Адначасова хочам адзначыць, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі за апошні час напрацаваны і перададзены ў розныя дзяржаўныя органы масіў прапаноў і рэкамендацый па ўдасканаленні прававой сістэмы, па ўмацаванні незалежнасці суддзяў і адвакатаў, паляпшэнні становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці, СМІ і журналістаў, па рэфармаванні выбарчага заканадаўства для забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў, паляпшэнню ўмоў утрымання затрыманых і зняволеных, рэалізацыі права на мірныя сходы, свабоду слова і свабоду веравызнання. Дадзеныя прапановы заснаваныя на нацыянальным вопыце і ўлічваюць перадавыя практыкі і міжнародныя стандарты ў сферы правоў чалавека. З шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што практычна ні адна прапанова не было рэалізавана, што прывяло да найцяжэйшага крызісу правоў чалавека, дэвальвацыі вяршэнства права і страце даверу да дзяржаўных інстытутаў.

У гэтай сувязі ў чарговы раз заклікаем улады:

  • неадкладна спыніць усе формы рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных;
  • расследаваць ўсе выпадкі катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання і пакараць вінаватых;
  • спыніць наступ на свабоду слова, свабоду мірных сходаў і адмовіцца ад пераследу журналістаў, адвакатаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці.

На момант публікацыі дакумент падпісалі:

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Latest

December 1, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Яна Салановіча

У суме Яну прысуджана 86 сутак адміністрацыйнага арышту, 27 з якіх ён знаходзіцца ў ЦІП. Ёсць асцярогі, што Ян можа быць падвергнуты арышту на яшчэ большыя тэрміны.

December 1, 2020

#StopSLAPPs: Coalition calls on EU to take action against gag lawsuits targeting watchdogs.

Human Rights House Foundation is among 60 organisations jointly calling for the EU to take action against SLAPPs – the gag lawsuits silencing journalists, activists and human rights defenders across Europe. The coalition of organisations today endorses the Model EU Anti-SLAPP Directive ahead of the European Commission’s launch of its European Democracy Action Plan (EDAP).

November 30, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Максіма Паўлюшчыка

Напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца хуліганствам.