When: Tuesday, 15. December 2009 15.00
Where: Вільня, Дом правоў чалавека, Latako 3
Host: Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў, JuBIC
Contact: Томас Тамілінас (Tomas Tomilinas) (jubicc@gmail.com, uztaika@gmail.com / +370 614 82880)

Фільм “Памежжа” (“BorderLand”) створаны ў Літве актывістамі арганізацыі JuBIC (Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў) сумесна з журналістамі тэлеканалу БелСАТ. Гэта фільм аб беларуска-шэнгенскай мяжы паміж Літвой і Беларуссю.

“Візавая” заслона балюча адбіваецца на лёсах людзей, раздзяляе сем’і, разбурае гаспадарку, міжчалавечыя і міжкультурныя кантакты. Гэта як нідзе відавочна праяўляецца ў беларуска-літоўскім памежжы, уздоўж мяжы, якой яшчэ нядаўна не было – ніколі не было.

Новая мяжа прайшла праз шматкультурны, шматмоўны і шматпакутны Віленскі край, слынны сваімі традыцыямі адкрытасці і талерантнасці. Чаго вартая адна толькі капліца у вёсцы Ракі з двума алтарамі – каталіцкім і праваслаўным!

Якая сітуацыя склалася на ўсходняй мяжы Літвы, што праходзіць паміж вольнай аб’яднанай Еўропай і пакуль яшчэ аўтарытарнай Беларуссю?

Аповеды жыхароў памежжа і выпускніцы ЕГУ, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, каб рэалізаваць сваё права на свабоду руху, наглядныя прыклады з падзеленай вёскі на мяжы Віленшчыны і Гарадзеншчыны, экспертныя і афіцыйныя каментары дазваляюць кожнаму зрабіць уласныя высновы. 

Пасля прагляду — дыскусія з удзелам яго стваральнікаў і гасцей, каму такая сітуацыя на карысць, ці спрыяе яна прасоўванню дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, што робіцца не так у віленскіх і брусельскіх кабінетах.
 
Мовы фільма і дыскусіі – ангельская / беларуская (субтытры/пераклад).

Працягласць – 23 хв. (фільм) + дыскусія (да 1 гадз.)
 
Ён адрасаваны шырокай грамадскасці, у першую чаргу – Еўрапейскага звязу, якая зацікаўленая тэмай “супрацоўніцтва ў імя развіцця” і адкрытасці блоку да свету, да суседзяў. 
 
Фільм падтрымала Міністэрства замежных спраў Літвы і канал БелСАТ.