У Гародні ранкам былі затрыманыя 4 ўдзельнікі акцыі: Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Ян Роман, Алег Калінкоў. У Магілёве затрыманыя юрысты Аляксандр Каралёў і Аляксандр Падалян, у Берасці адвезлі ў РАУС маладафронтаўцаў Андрэя Шарэнду і Юрася Бакура, у Кобрыне – Станіслава Кучынскага і актывіста “Маладога фронту”, прозвішча якога высвятляецца.

У Менску каля будынку КДБ былі затрыманыя 8 актывістаў ініцыятывы “Маладая Беларусь” на чале з Артурам Фінькевічам(Алесь Круткін, Алесь Сцепаненка, Сяржук Клюеў, Валер Саковіч, Раман Багдановіч, Ніка Лазоўская і Вольга Бурневіч., апранутыя ў турэмную вопратку. Крыху пазней каля ГУМу пераапранутыя амапаўцы затрымалі праваабаронцаў, якія прэзентавалі менчукам тэксты Дэкларацый. У Цэнтральны РУУС Менску былі дастаўленыя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Алег Мацкевіч, Марына Статкевіч, Сяргей Сыс і Ірына Тоўсцік.

Практычна праз некалькі хвілін у цэнтры Менску затрымалі яшчэ некалькі актывістаў “Моладзі БНФ”, сярод якіх вядомыя прозвішчы Сержука Карповіча, Франка Вячоркі, Антона Койпіша, Сержука Семенюка. Пакуль застаецца нявысветленае прозвішча яшчэ аднаго ўдзельніка акцый, якога таксама даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Пры затрыманні праваабаронцаў у дачыненні да Алеся Бяляцкага ды Ірыны Тоўсцік выкарыстоўвалася грубая фізічная сіла, у дзяўчыны адабралі тэлефон і незаконна завалодалі СІМ-картай.

Паводле няпоўнай інфармацыі, цягам дня 10 снежня было затрымана 28 актывістаў грамадскіх рухаў і арганізацый ды праваабаронцаў. Усе яны зараз на волі.

Такім чынам афіцыйная Беларусь “адзначыла” Дзень правоў чалавека, які, дарэчы, з’яўляецца адным з дзяржаўных памятных дзён.