Гадавы сход заснавальнікаў Беларускага Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава адбыўся ў Вільні 29 сакавіка. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый-заснавальнікаў, сярод якіх ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і іншыя.

Пад час канструктыўнай размовы была абмеркаваная статутная дзейнасць Дома, вызначаныя прыярытэтныя накірункі працы на бліжэйшы час.

Размова таксама тычылася “хворых кропак” сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта і “Справа БелТА”, і крымінальныя справы супраць беларускіх блогераў Сяргея Пятрухіна, Андрэя  Павука, Аляксандра Кабанава, безпадстаўная забарона сходаў, пастаянныя адміністратыўныя справы супраць удзельнікаў мірных сходаў і дэманстрацый, наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі.

На сходзе, апроч іншага, адбыліся таксама выбары рады Дома, якая павялічылася да 9-ці чалавек,  і яе кіраўніка. На бліжэйшыя два гады старшынёй Рады арганізацыі абраны Сяргей Мацкевіч.