Усяго было затрымана 5 чалавек, якіх абвінавацілі ў непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Больш за ўсіх атрымаў былы палітвязень Аляксандар Францкевіч. Яго асудзілі на 12 сутак арышту, такім чынам, Новы год ён сустрэне ў турме. Да Аляксандра падышлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджыкаў, калі пабачылі, што актывіст здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама па дапамогу да праваабаронцаў звярнуўся ўдзельнік акцыі Дзмітрый Прыгараў, у якога 20 снежня на праспекце Незалежнасці супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС забралі аўтамабіль BMW абсалютна свавольным чынам – без усялякіх тлумачэнняў і складання адпаведных дакументаў.

Дзмітрый Прыгараў для ўдзелу ў акцыі “Стоп- падатак” выехаў на сталічны праспект з улёткай “Хопіць абдзіраць!” на сваім аўтамабілі, з якога раздавалася “Ня быць скотам” у выкананні “Ляпіса Трубяцкога”.

Спачатку аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ і аштрафавалі вадзіцеля за тое, што ён сігналіў: “ Мяне адразу ж аштрафавалі за тое, што я сігналіў, гэта значыць ім пра гэта ўжо паведамілі па рацыі. Пытанне аб тым, як вызначылі ў суцэльным гуле менавіта мой сігнал, нікога не цікавіла. Пры мне супрацоўнік ДАІ камусьці патэлефанаваў і ўдакладніў нумар артыкула за падачу гукавога сігналу і з усмешкай сказаў, што ўпершыню будзе штрафаваць за тое, што нехта сігналіў”.

Дзмітрый адзначае, што ніхто з двух супрацоўнікаў міліцыі, якія знаходзіліся з ім у машыне ДАІ, не прадставіўся, не паказаў ніякіх дакументаў. Пасля таго, як штраф быў аформлены, яго папрасілі адкрыць капот аўтамабіля.

– Я запытаўся, з якой мэтай. Сказалі, што трэба праверыць нумары кузава. Са стоадсоткавай упэўненасцю, што ў мяне з гэтым усё ў парадку (мой аўтамабіль пастаўлены на ўлік, неаднаразова праходзіў тэхагляд, усе зверкі нумароў – без праблем), я падняў капот. Ён толкам туды нават не паглядзеў і паведаміў, што машына адпраўляецца на стаянку Цэнтральнага РУУС. Я спытаў прычыну, ён сказаў: “у вас перавараны “стакан”з нумарным знакам кузава”. Я паказаў яму завадскія швы, спрабаваў пераканаць, што такога быць не можа. На ўсе мае довады ён адказаў, што ён не эксперт і з гэтым будуць разбірацца эксперты. Да гэтага часу ўжо падаспеў эвакуатар, гэта значыць, яны мэтанакіравана хацелі адабраць у мяне аўтамабіль, але я сказаў, што сам сяду за руль.

Па дарозе ў РУУС Дзмітрый Прыгараў яшчэ раз папрасіў супрацоўніка міліцыі, які суправаджаў яго,паказаць свае дакументы – ніякай рэакцыі на яго просьбу не было. Малады чалавек кажа, што ў Цэнтральны РУУС у якасці эксперта для агляду аўтамабіля з’явіўся крыміналіст, які, з яго ж уласных слоў, наогул не меў права ажыццяўляць гэты агляд. Але ўсё ж агледзеў BMW, зрабіў некалькі фота. Але пасля гэтага ўладальніку аўтамабіль не аддалі.

– Мне не далі ні копію пратакола аб затрыманні, ні копію агляду аўтамабіля. Сказалі толькі прыйсці ў панядзелак – ні да каго, ні куды.

Калі 23 снежня Дзмітрый Прыгараў прыйшоў у Цэнтральны РУУС, яго каля гадзіны перанакіроўвалі з кабінета ў кабінет.

– У выніку я зайшоў да начальніка крымінальнага вышуку і сказаў, што хацелася б даведацца што да чаго. Я спытаў, калі будзе экспертыза, сказаў, што хачу, каб экспертыза праводзілася ў маёй прысутнасці. Хацеў даведацца, колькі часу мая машына будзе знаходзіцца ў іх, таму што ў мяне хворая бабуля, якую трэба вазіць у паліклініку і гэтак далей. На ўсё гэта мне адказалі: раней трэба было думаць, сядзеў бы дома – не было б праблем.

Без тлумачэнняў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС паведаміў Прыгараву, што яго аўтамабіль застанецца там на месяц. 24 снежня малады чалавек накіраваў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска.

Аўтамабілісты пратэстуюць супраць увядзення ў 2014 годзе ў Беларусі дзяржаўных пошлін на допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху.  Сам Дзмітрый патлумачыў свой удзел у акцыі недапрацаванасцю закона: “Апроч мяне ёсць шэраг іншых людзей, пра якіх таксама трэба падумаць. Тыя ж пенсіянеры. Шмат хто з іх выязджае на ўласным аўто пару разоў на год на лецішча. За што яны павінны плаціць такія грошы, я не разумею. А таксіст які-небудзь кожны дзень ездзіць і гэтым яшчэ і грошы зарабляе. Дзе справядлівасць? У нас не такія вялікія пенсіі, каб пенсіянеры маглі такія вялікія грошы плаціць невядома за што. Дый увогуле ёсць шмат людзей, хто карыстаецца аўто ў выпадку вострай неабходнасці, а грошы здзіраць будуць з усіх аднолькава. Закон, відавочна, недапрацаваны. Таксама трэба ўлічыць, што цана на паліва павышаецца вельмі часта”.

Артыкулы па тэме

Палітычна матываваны пераслед Васіля Парфянкова працягваецца – год калоніі строгага рэжыму

Беларуские адвокаты и правозащитники делятся опытом и знаниями в области защиты прав человека

Палітвязень нанес сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні пратэстуючы супраць дзеянняў адміністрацыі турмы