У гэтым годзе цырымонія была прымеркаваная да 61-ай гадавіны падпісання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Прэмія ўручалася ў трох намінацыях: лепшаму праваабаронцу (яе атрымаў Раман Кісляк), адвакату (лаўрэатам стаў Павал Сапелка) і журналісту (супрацоўнік “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч, на фота зправа).  На думку арганізацыі, гэтыя людзі ўнеслі найвялікшы ўнёсак у выкананне правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе.

Адметна, што два лаўрэаты сёлетняй прэміі – Раман Кісляк і Павал Сапелка – выпускнікі першага этапу праекта “Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавазкаў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод” у межах праграмы “Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці” – адукацыйнага праекта сеткі Дамоў правоў чалавека.

Акрамя таго, у 2008 годзе лаўрэатам прэміі стаў Барыс Звозскаў, прадстаўнік віленскага Дома правоў чалавека, а таксама адвакат Тамара Сідарэнка і супрацоўнік газеты “Наша Ніва” Сямён Печанко.

Як адзначыла кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова, прэмія як такая з’яўляецца хутчэй сімвалічнай, яна павінна спрыяць развіццю далейшай дзейнасці ў галіне правоў чалавека.

Ці так гэта, мы вырашылі пацікавіцца ў сёлеташняга лаўрэата ў намінацыі “Лепшы праваабаронца” Рамана Кісляка.

–Як Вы лічаце, прэміі падобнага кшталту папулярызуюць тэму правоў чалавека, у прыватнасці, у Беларусі?

–Безумоўна, такія мерапрыемствы, прэміі папулярызуюць тэму правоў чалавека ў Беларусі. На маю думку, асабліва важным з’яўляецца тое, што адзначаецца праца ў сферы правоў чалавека, але не толькі праваабаронцаў, але і прафесійных адвакатаў, журналістаў. Іх праца вельмі важная для абароны правоў чалавека. Тое, што “Праваабарончы альянс” адзначыў працу не толькі праваабаронцаў, але і адвакатаў, журналістаў, робіць гэтую прэмію яшчэ больш дастойнай.

–Для Вас асабіста ўзнагарода ў гэтым годзе – акт прызнання, ці яна, хутчэй, больш сімвалічная?

–Адна з справаў, якая прыгадвалася непасрэдна пры ўручэнні прэміі – справа Інгі Абрамавай, якая у 2009 годзе была зарэгістравана ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Для рэгістрацыі гэтай справы праца вялася з 2007 года. Таму сама рэгістрацыя па гэтай новай для нас працэдуры стала першым прыемным момантам. А другім – уласна тое, што гэтая шматгадовая праца была ацэнена 9 снежня “Праваабарончым Альянсам”.

–Ці звязваеце Вы свой поспех з праграмай Дома правоў чалавека “Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавазкаў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод”, выпускніком якой з’яўляецца таксама і другі лаўрэат – Павал Сапелка? Ці была сама адукацыйная праграма карысная для Вас?

–Наколькі я ведаю, то адна з падстаў прысуджэння мне прэміі – гэта і таксама шэраг справаў, звязаных са смяротным пакараннем. Прававая праца па такіх складаных справах немагчымая без цеснага супрацоўніцтва праваабаронцаў, прафесійных адвакатаў і экспертаў ў сферы міжнароднай абароны правоў чалавека.

Таму праграма “Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавазкаў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод” зрабіла магчымым такое супрацоўніцтва. Несумненна, важна тут і тое, што гэтае супрацоўніцтва ў працэсе працы з канкрэтнымі справамі было эфектыўнае і мела поспех.