Дыягназ – рак лёгкага – дактары паставілі ў верасні, ужо пасля арышту Алеся. Было вядома, што Віктару Усцінавічу жыць засталося няшмат. У апошні час, калі стан здароўя хворага значна пагоршыўся, родныя прыклалі ўсе намаганні, каб атрымаць дазвол на сустрэчу бацькі з сынам, каб яны змаглі яшчэ паціснуць адзін адному руку, пагаварыць і развітацца пры жыцці.

Аднак ажыццявіць гэта не ўдалося: старшыня суда Тамара Высоцкая дазвол нібыта дала, але не па форме, таму ў калоніі яго не прынялі, а ў Дэпартаменце выканання пакаранняў жонцы Алеся Бяляцкага Наталлі паведамілі, што адказ на яе просьбу будзе дадзены на працягу пятнаццаці дзён.

Ранкам 26 снежня жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля яшчэ раз звярнулася ў вышэйшыя інстанцыі, якія б маглі ўзяць на сябе рашэнне прадставіць магчымасць Алесю развітацца з родным бацькам, які памёр 24 снежня. Усе папярэднія звароты да старшыні суду Першамайскага раёна, у МУС і Дэпартамент выканання пакаранняў, былі безвыніковымі праз адсутнасць на заканадаўчым узроўні адпаведнай працэдуры для канваіравання асобаў, у дачыненні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу.

Заява з просьбаю дазволіць прысутнічаць Бяляцкаму на пахаванні бацькі перададзеная і зарэгістраваная у Генеральнай пракуратуры. Начальнік аддзела па нагляду за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Гарошка Юрый Іванавіч пры сустрэчы з Наталляй, яшчэ раз падкрэсліў, што ў Беларусі не існуе законна вызначанай працэдуры, якая б дазволіла ў адпаведнай сітуацыі арганізаваць развітанне з памерлым і параіў звярнуцца ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу з заканадаўчай ініцыятывай, каб падобная працэдура ў далейшым была вызначаная на ўзроўні закону.

У прыёмнай Міністрэства ўнутраных спраў заяву прыняў старэйшы інспектар па асаблівых даручэннях, палкоўнік міліцыі Шаўлюкевіч. Ён адзначыў, што заява можа быць перададзеная на разгляд выконваючаму абавязкі міністра толькі ў другой палове дня.

Таксама заява на дазвол развітацца Алесю Бяляцкаму з бацькам пакінутая ў судзе Першамайскага раёна Менска. Чакаецца, што рашэнне па ёй будзе прынятае на працягу сённяшняга дня.

Такім чынам, на былі задзейнічаныя ўсе магчымыя інстанцыі, ад якіх залежала вырашэнне гэтага пытання. Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай працэдуры, родныя А. Бяляцкага спадзяваліся,  што чыноўнікі праявяць гуманнасць і чалавечнасць, а  рашэнне будзе станоўчым.

Аднак спадзяванні былі марнымі. Суд Першамайскага раёну Мінска 26 снежня дазволіў, каб асуджаны праваабаронца Алесь Бяляцкі развітаўся з памерлым бацькам.  Але ў Дэпартамэнце выканання пакаранняў і праігнаравалі  і развітацца Бяляцкаму з памерлым бацькам не дазволілі.

Бяляцкаму ўсе ж адвялі 10 хвілін на развітанне з бацькам
27 снежня ў 8 гадзін раніцы праваабаронца Алесь Бяляцкі змог развітацца з бацькам, які памёр 24 снежня.
У мінскі морг на Даўгінаўскім тракце праваабаронцу прывезлі з Жодзінскага СІЗА пад узмоцненай аховай і з аўтамабілямі суправаджэння. Пра беспрэцэндэнтныя меры бяспекі пры развітанні сведчыць і той факт, што тэрыторыя моргу была ачэпленая і старонніх асобаў на развітанне не дапусьцілі. Вяліся аператыўныя відэаздымкі.

Алесю Бяляцкаму дазволілі пабыць з бацькам каля 10 хвілін. Ён памаліўся каля труны і сказаў колькі словаў сваім блізкім. Адразу пасля гэтага ён быў адканваіраваны назад у Жодзіна, а ахова тэрыторыі знятая. Пра смерць бацькі Алесь даведаўся ў дзень пахавання, ранкам 27 снежня.


***
У далейшым праваабаронцы збіраюцца звяртацца ў заканадаўчы орган краіны з ініцыятываю выправіць прабелы, якія існуюць у заканадаўстве і з-за якіх асобы, што ўтрымліваюцца пад вартай і віна якіх не ўстаноўленая судом, аказваюцца ў горшым прававым становішчы, чым асуджаныя, паколькі для апошніх працэдура, што вызначае ўдзел у пахаванні сваякоў, вызначаная Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ.

Артыкулы па тэме

Бяляцкі атрымаў 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

У Вільні прайшла акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім

Алесь Бяляцкі – праваабаронца года