Як паведамляе “БАЖ”, увечары на Кастрычніцкую плошчу выйшлі ўдзельнікі акцыі, трымаючы ў руках партрэты зніклых і расцяжку “Мы помнім”. Яны былі спыненыя супрацоўнікамі АМАП. У  той жа час на плошчы з’явіліся людзі ў цывільным і сталі перашкаджаць журналістам у падрыхтоўцы матэрыялаў аб мерапрыемстве.  Да прадстаўнікоў СМІ яны падыходзілі па  двое і забаранялі здымаць.

Старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна азначыла ўзгаданую падзею як “вельмі грубы жэст  з боку ўладаў і трывожны  знак для прэсы”, а таксама падкрэсліла: “Недапушчальна і непрымальна парушаць гарантаванае законам прафесійнае права журналістаў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі”.

Па інфармацыі Радыё “Свабода”, намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец пракаментаваў сітуацыю, што мела месца 16 верасня, наступным чынам: “Журналісты на плошчы таксама выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. Я думаю, што яны былі больш дасканалымі ў выкананьні сваіх абавязкаў, чым прадстаўнікі праваахоўных органаў”.

Дарэчы, падобныя падзеі адбываліся ў Менску і 9 верасня падчас акцыі супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ў сувязі з удзелам  у ваенных вучэннях “Захад-2009”.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказала пратэст у сувязі з перашкоджаннем ажыццяўлення журналістамі прафесійнай дзейнасці ў ходзе акцый пратэсту 16 і 9 верасня. Сябрамі “БАЖ” была складзена Заява з нагоды грубых парушэнняў свабоды СМІ ў Менску. У тэксце заявы ўзгадваецца права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае грамадству Канстытуцыяй, а таксама права прысутнасці журналіста “на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю”, што забяспечана  п.2.2. арт. 34 закона «Аб СМІ». Складальнікі заявы выказваюць занепакоенасць тэндэнцыяй да сістэматычнасці падобных з’яваў падчас масавых акцый і парушэннямі заканадаўства супрацоўнікамі сілавых структур. Такім  чынам, прадстаўнікі “БАЖ” заклікаюць “органы пракуратуры і МУС даць належную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці” і абяцаюць зрабіць усё неабходнае дзеля таго, каб “падобныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў не засталіся беспакаранымі і не паўтараліся надалей”.

Больш фотаздымкаў ТУТ.