У жорны антыправавога абыходжання з чалавекам трапляюць не толькі апаненты дзяржаўнай сістэмы, але і людзі ў пагонах, што доўгі час працавалі на гэтую сістэму. Як піша "Наша Ніва" – "Як топішся, дык і за БХК ўхопішся".

У дадзеным выпадку заступіцца просяць за фігурантаў так званай "паляўнічай справы" – прадстаўнікоў міліцыі Баранава, Малаева і Мінянкова, якія былі арыштаваныя супрацоўнікамі КДБ у красавіку гэтага года і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ. Пад падпіскай аб нявыездзе знаходзіцца начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў.

З просьбай "паспрыяць аб’ектыўнаму разгляду дадзенай крымінальнай справы" да БХК і АБСЕ звярнулася жонка аднаго з затрыманых Людміла Мінянкова: "А што зрабіць, калі тут справядлівасці не знойдзеш? Калі ён вінаваты, то дакажыце гэта."

Яна таксама адзначыла, што на думку яе мужа, “паляўнічая” справа з’яўляецца правакацыяй; са словаў Мінянкова, “калі б ён працаваў такімі метадамі, як працавалі з ім, тады б яго насамрэч трэба было арыштоўваць”.

БХК адрэагавала на зварот станоўча. Старшыня юрыдычнай камісіі Камітэту Гары Паганяйла выказаў гатоўнасць дапамагчы заяўнікам: "Калі ў наяўнасці будуць грубыя парушэнні правоў чалавека, мы абавязаныя ўзняць голас у абарону прыніжаных дзяржавай людзей. Мы знойдзем формы, каб расказаць аб гэтай сітуацыі органам улады, пракуратуры як нагляднаму органу".

"Можам звярнуцца да грамадскасці, у тым ліку і міжнароднай, калі намі будуць зафіксаваныя факты парушэння правоў чалавека. Будзем шукаць дакладную інфармацыю аб гэтай справе, і ў залежнасці ад вынікаў праінфармуем грамадскасць", – дадаў Г. Паганяйла.

Ермакоў, Мінянкоў, Малаеў і Баранаў абвінавачваюцца па ч. 2 і ч. 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. У крымінальнай справе таксама ёсць іншыя фігуранты, якія абвінавачваюцца ў незаконным паляванні і бяздзеянні службовых асобаў.

Са словаў затрыманых супрацоўнікаў МУС, яны былі арыштаваныя, бо валодалі матэрыяламі, што кампраметуюць супрацоўнікаў КДБ і прадстаўнікоў уладаў Гомельскай вобласці. 

На дадзены момант “паляўнічая” справа ўжо прынятая да вытворчасці Вярхоўным судом.