Паведамленне пра гэта з’явілася 18 лістапада на сайце Мінінфармацыі.

«Народная воля» папярэджаная паводле арт. 38 — «Інфармацыя, рапаўсюд якой у СМІ забаронены». Рэдакцыя ўжо атрымала ліст з папярэджаннем, з якога вынікае, што Міністэрства ўзгледзела ў артыкуле «Не мешай другим отстаивать свободу» (рубрыка”Пункт гледжання», № № 169–70 ад 30 кастрычніка — 2 лістапада) прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці). Публікацыя падпісаная «Ігарам Драко, жыхаром Мінска», які дзеліцца ўласным меркаваннем адносна таго, як варта дзейнічаць апазіцыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

Як распавяла «Еўрарадыё» галоўная рэдактарка «Камсамолкі» Алена Міронава, папярэджанне газеце «Комсомольская правда» в Белоруссии» вынеслі за матэрыял «Родныя захварэлай гамяльчанкі: Зараз дачка на штучнай вентыляцыі лёгкіх, а лекаў у бальніцы няма», апублікаваны 14 лістапада. «Канкрэтна гаворка ідзе аб тым, што Міністэрства лічыць недакладнай інфармацыю пра тое, што ў Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы адсутнічаў прэпарат „Таміфлю“. Мы цяпер рыхтуем свой адказ для Міністэрства інфармацыі», — цытуе «Еўрарадыё» Алену Міронаву.

Падставай для атрымання папярэджання рэдакцыяй «Нашай Нівы» стаў артыкул «Замоўчванне грыпу выклікала эпідэмію панікі», які быў надрукаваны ў нумары 41 ад 4 лістапада.

У паведамленні Міністэрства інфармацыі за подпісам міністра Уладзіміра Русакевіча паведамляецца, што ў адпаведнасці з артыкулам 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» журналіст сродку масавай інфармацыі абавязаны правяраць сапраўднасць атрыманых ім звестак для распаўсюджвання дакладнай інфармацыі.

Між тым, на думку чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі, статыстыка колькасці захварэлых і памерлых ад пнеўманіі ў Мінску, якая прыводзіцца ў артыкуле, «не адпавядае рэчаіснасці». Аб гэтым 12 лістапада Міністэрству інфармацыі паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Мінінфармацыі патрабуе ліквідаваць у дзесяцідзённы тэрмін парушэнне закона і паведаміць аб прынятых мерах чыноўнікам.

Заснавальніка і рэдакцыю «Ва-банкъ» (бясплатнай газеты, якая таксама выдаецца ЗАТ) папярэдзілі па артыкулах 14 («Перарэгістрацыя СМІ»), 38 («Інфармацыя, рапаўсюд якой у СМІ забаронены») і 49 («Пісьмовыя папярэджанні»).

«У папярэджаннях прадпісана ліквідаваць ў дзесяцідзённы тэрмін парушэнні закона, пра што ў вызначаным парадку паведаміць Міністэрству інфармацыі», — гаворыцца на сайце Міністэрства.

«Праўда пра грып выклікала ў чыноўнікаў раздражненне? Ці запрашэнне да Мядзведзева? Інакш патлумачыць супадзенне чатырох папярэджанняў цяжка», — разважаюць журналісты на сайце «Нашай Нівы»

Сярэдзіч: У папярэджанні Мінінфармацыі няма ніякай логікі