Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанни палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба

Мінск, 13 студзеня 2021 г.

22 снежня 2020 года былі затрыманыя заснавальніца культурна-асветніцкай установы “Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб” Юлія Слуцкая і супрацоўнікі Прэс-клуба праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, аператар Пётр Слуцкі, а таксама Ксенія Луцкіна – экс-супрацоўніца “Белтэлерадыёкампаніі”, звязаная з медыяпраектам, да якога мела дачыненне Акадэмія «Прэс-клуба».

Па месцы жыхарства шэрагу супрацоўнікаў і ў офісе Прэс-клубу прайшлі вобшукі.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю паведаміў аб тым, што праводзіць праверку па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб Прэс-клубу і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы.

31 снежня затрыманым былі выстаўлены абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодекса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Ім абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Цяпер Юлія Слуцкая і яе калегі знаходзяцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Вядома, што Акадэмія Прэс-клуба праводзіла хакатон медыяпраектаў, у якім удзельнічала больш за 30 заявак. Журы, якое складаецца з медыяэкспертаў і інвестараў, выбрала 7 медыяпраектаў, накіраваных на рэалізацыю свабоды слова, адзін з якія быў відэапраект з удзелам Ксеніі Луцкіной – экс-супрацоўніцы “Белтэлерадыёкампаніі”.

Затрыманні і ўтрыманне пад вартай Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай стала працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты перыяд тысячы грамадзян, у тым ліку журналістаў і блогераў, супрацоўнікаў і актывістаў няўрадавых арганізацыяў, былі падвергнутыя розным відам рэпрэсій і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам, штрафам, а таксама палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу.

У краіне крызіс правоў чалавека.

Улады Беларусі не першы раз выкарыстоўвацюь эканамічныя склады злачынстваў для рэпрэсій. У тым ліку, у мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў у Беларусі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, лідэр незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі “Белапан” Алесь Ліпай ды іншыя.

З улікам гэтага, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе зарэгістраванай арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай з-пад варты;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і свабоду асацыяцый;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РГА “Прававая ініцыятыва”

Беларускі дакументацыйны цэнтр

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”

Беларускі ПЭН-цэнтр

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”

Ініцыятыўнай група “Ідэнтычнасць і права”

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.