Галоўны рэдактар часопіса “ARCHE” Валер Булгакаў атрымаў ліст з Дзяржаўнага мытнага кантролю за подпісам намесніка яго старшыні С. Барысюка ў справе канфіскацыі 10 асобнікаў часопіса на беларуска-польскай мяжы. Як піша онлайн-версія газеты “Наша Ніва”, у лісце паведамляецца, што ў канфіскаваным “ARCHE” №7-8 супрацоўнікамі КГБ “была прызнана наяўнасць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і прапаганды такой дзейнасці”. А матэрыялы справы па гэтым пытанні былі накіраваныя ў суд Маскоўскага раёну Берасця з хадайніцтвам “аб прызнанні дадзенай інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай і яе наступным знішчэнні”.

Рэдактар Валер Булгакаў катэгарычна не згодны з рашэннем чыноўнікаў. Прычыну канфіскацыі часопіса ён бачыць зусім не ў быццам бы экстрэмісцкім змесце нумару: “Як на мяне, у тым, што нумар прызнаны экстрэмісцкім, вінаватыя не нашы аўтары і напісаныя імі тэксты. Я бачу ў гэтым праяву круговай парукі нашых сілавых ведамстваў. Замест таго, каб выправіць відавочнае галавацяпства, брэсцкае КДБ пакрывае брэсцкую мытню, бо і першыя, і другія гадамі прывыклі выціраць ногі аб такіх людзей, як мы з вамі. Я бачу тут таксама тупое і агіднае запалохванне. Пасланне людзей, якія гэта ўчынілі, на звычайную мову можна перакласьці так: маеш ты рэгістрацыю, не маеш, усё роўна вырашаць, пусціць цябе за мяжу ці не, буду я сам”.

Трэба адзначыць, што часопіс “ARCHE” збірае на сваіх старонках дзясяткі аўтарытэтных беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукоўцаў, публіцыстаў. Гэта адзінае ў краіне выданне, запрошанае ў сетку еўрапейскіх культурніцкіх часопісаў “Eurozine”.

Практыка прызнання розных няўрадавых выданняў экстрэмісцкімі мае дастаткова пашыраны характар. Гэтак, у Горадні сёлета цягам восені адбыўся цэлы шэраг судовых разбіральніцтваў па грамадзянскіх справах “Аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі”. Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, тады ў лік абвінавачваных патрапілі ажно 9 чалавек: вядомыя ў горадзе журналісты і грамадскія актывісты.