Паводле тлумачэння супрацоўнікаў пракуратуры, прычынай таго, што Ігару Банцару вынесенае папярэджанне, з’яўляецца “нелегальны” распаўсюд выданняў “Magazyn Polski na uchodzstwie” і “Głos znad Niemna na uchodzstwie”. У выданнях не былі ўказаныя афіцыйныя выхадныя звесткі.

“Magazyn Polski na uchodzstwie” і “Głos znad Niemna na uchodzstwie” – перыядычныя выданні на польскай мове, якія ствараюцца для сябраў Звязу палякаў Беларусі. Гэтая арганізацыя польскай этнічнай меншасці не прызнаецца ўладамі.

Паводле БелаПАН, сам Банцар мяркуе, што ўлады імкнуцца прычапіцца да згаданых выданняў і да яго як кіраўніка. Журналіст адзначыў: “Газеты выдаюцца даўно, і раптам пракуратура выявіла парушэнні закона. Гэтыя прэтэнзіі падаюцца мне проста смешнымі…”.

Найбольш лагічным варыянтам тлумачэння Банцар прызнае апублікаванне ў апошнім нумары выдання “Magazyn Polski na uchodzstwie” артыкула, што распавядае пра асабістае жыццё беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ўтрымлівае калаж з фотаздымкам кіраўніка дзяржавы і яго малодшага пазашлюбнага сына.

Калі ў будучыні Ігарам Банцарам будзе дапушчанае паўторнае “парушэнне”, яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Гэта не першы выпадак, калі беларускія праваахоўныя органы перашкаджаюць працы польскамоўнага друку. З пагрозамі з боку КДБ сёлета давялося сутыкнуцца карэспандэнту польскіх СМІ ў Беларусі Андрэю Пачобуту.