Канфлікт вакол Дома польскага ў Івянцы працягваецца некалькі месяцаў, былі прадпрынятыя шматлікія спробы прадстаўнікоў беларускай улады прымусіць Тарэсу Собаль і сяброў арганізацыі перайсці ў праўладны Саюз палякаў. На дадзены момант Тарэса Собаль знаходзіцца ў якасці падазраванай: супраць актывісткі непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў узбуджана крымінальная справа паводле часткі ІІ артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Супрацоўнікі Валожынскага РАУСа абвінавачваюць жанчыну ў злоўжыванні, якое палягае на тым, што ў 2004 годзе паводле загада тагачаснага кіраўніка Саюза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага Дом польскі ў Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу без рэгістрацыі. Крымінальная справа з’яўляецца наступным крокам ціску на незалежную грамадскую арганізацыю.

Саюз палякаў на Беларусі: гісторыя расколу

У 1988 годзе ў Горадні было створана Польскае грамадска-культурнае аб’яднанне імя Адама Міцкевіча. У 1990 годзе яно было ператворана ў Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі”. Аднак афіцыйныя ўлады не прызналі вынікаў 5-га з’езду арганізацыі, які прайшоў у сакавіку 2005 года.  Паводле яго кіраўніком арганізацыі была абраная Анжаліка Борыс.

Жадаючы стварыць поўнасцю падкантрольную сабе структуру, 27 жніўня 2005 года ў Ваўкавыску ўлады правялі альтэрнатыўны з’езд аб’яднання. Але новая арганізацыя, у сваю чаргу, не была прызнаная з польскага боку – Міністэрства замежных справаў Польшчы спаслалася на парушэнне прынцыпаў свабоды і дэмакратыі ў ёй.

З гэтага моманту на Беларусі, па сутнасці, існуе дзве арганізацыі, што прадстаўляюць інтарэсы польскай меншасці ў краіне: праўладная і альтэрнатыўная ёй, супраць якой былі разгорнутыя рэпрэсіі, але якая, тым не менш, працягвае існаваць.

Незалежны Саюз палякаў: калізіі і супрацьстаянне з уладамі

З 2005 года незалежны Саюз палякаў на Беларусі не раз апынаўся пад ціскам, рэпрэсіямі і правакацыямі з боку дзяржаўных структур Беларусі. Анжаліка Борыс (на фота злева), кіраўнік арганізацыі з 2005 года, не раз заяўляла, што арганізацыя не з’яўляецца палітычным утварэннем, а галоўная яе мэта – папулярызацыя польскай мовы і культуры ў Беларусі.

Тым не менш, як сама кіраўнік, так і шэраговыя сябры непрызнанай уладамі арганізацыі рэгулярна выклікаюцца на допыты, супраць іх фабрыкуюцца крымінальныя справы. У 2006 годзе Анжаліка Борыс абвінавачвалася ў перавозе наркотыкаў, у 2007 – атрымала штраф за “хуліганства”.

Актывіст незалежнай арганізацыі, журналіст польскага выдання “Gazeta Wyborcza” Анджэй Пачобут таксама не раз падвяргаўся ціску, быў арыштаваны.

Такім чынам дадзенае аб’яднанне было фактычна ператворана ў апазіцыйнае, але пры гэтым яно па-ранейшаму застаецца адзіным прызнаным беларускім Саюзам палякаў з боку Польшчы і ЕЗ.

Этнічныя палякі складаюць каля 5% насельніцтва Беларусі, у некаторых пераважна каталіцкіх мясцовасцях на захадзе краіны яны складаюць большасць жыхароў.