Візіт быў арганізаваны Cеткай дамоў правоў чалавека ў супрацы з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH).

З 6 чэрвеня пачнецца 35-ая сесія Савета ААН па правах чалавека, а 14 чэрвеня будзе прадстаўлены даклад цяперашняга спецыяльнага дакладчыка – Міклаша Харасці, які ў чарговы раз быў раскрытыкаваны Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Пасля ў Савеце па правах чалавека павінна адбыцца галасаванне па пытанні працягнення мандату спецдакладчыка ААН па Беларусі. “Падчас сустрэч мы даводзілі сваю пазіцыю, што для краіны неабходна працягнуць мандат спецдакладчыка. Сітуацыя ў Беларусі, на жаль, не палепшылася, а нават значна пагоршылася на працягу сакавіка, красавіка і траўня гэтага года. І ўлады вярнуліся да больш жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў”, – распавёў Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцы, мандат важны яшчэ і таму, што Беларусь знаходзіцца па-за рэгіянальнай сістэмай абароны правоў чалавека – наша краіна не ўваходзіць у Савет Еўропы. Адпаведна, адзіны міжнародны механізм, які магчыма выкарыстоўваць, – гэта ААН.

“І мы падкрэслівалі, што ўлады Беларусі вельмі селектыўна супрацоўнічаюць з ААН: не лічаць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН абавязковымі для выканання дзяржавай, не прызнаюць яго працэдуры, у краіну не запрашаюць не толькі спецдакладчыка, але і тэматычных дакладчыкаў. З гэтага пункту гледжання, мы лічым, што трэба заклікаць Беларусь да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў межах сваіх міжнародных дамоўных абавязальніцтваў”, – адзначыў Валянцін Стэфановіч.

У сваю чаргу Ганна Герасімава падкрэсліла: “Мандат спецдакладчыка ёсць фактычна адзіным інструментам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён быў створаны не як сталы, а як часовы мандат ААН, які будзе скасаваны, калі ў Беларусі значна палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека. Больш за тое, мандат ствараўся, каб дапамагчы беларускім уладам палепшыць гэтую самую сітуацыю. На жаль, сітуацыя зараз не толькі не палепшылася, але пагоршылася, і беларускія ўлады настойліва адмаўляюцца супрацоўнічаць з мандатам. Відавочна, што нам трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб мандат быў працягнуты і каб Беларусь пачала з ім супрацоўнічаць. Выйграюць ад гэтага ўсе”.

Артыкулы па тэме

Алесь Бяляцкі звярнуўся ў пракуратуру з нагоды магчымых катаванняў у СІЗА КДБ

Беларускія журналісты заклікаюць агучыць інфармацыю па “справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”

У Беларусі прыведзены ў выкананне першы прысуд за 2017 год