5 траўня былі вынесеныя прысуды яшчэ чатыром удзельнікам акцыі пратэсту, што адбылася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году ў Мінску. Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, маладафронтаўца Алеся Кіркевіча — на 4 гады, сябра ініцыятыўнай групы Саннікава Дзмітрыя Дразда — на 3 гады, Андрэя Пратасеню — на 3 гады, Уладзімера Хамічэнку — на 3 гады.

Старшыня Фонду развіцця прававых тэхналогій Алена Танкачова (на фота) пракаментавала рашэнне суда так: “Прысуд надзвычай жорсткі, то бок непрапарцыйны зместу правапарушэнняў. Гэтыя прысуды рана ці позна будуць перагледжаныя. Гэта кожны раз настолькі сумна і балюча бачыць, як на тваіх вачах прымаюцца зусім нематываваныя рашэнні. А далей за імі ідуць чалавечыя лёсы”.

 

За судовым працэсам таксама назіраў праваабаронца Валянцін Стэфановіч (на фота), які заявіў, што праваабаронцы не прызнаюць гэтыя прысуды законнымі: “Гэтыя прысуды з’яўляюцца незаконнымі і павінны быць адмененыя. І мы настойваем на вызваленні ўсіх асуджаных па 293-м артыкуле і прызнаем іх, безумоўна, палітвязнямі. Масавых беспарадкаў 19 снежня ў Мінску не было. Таму, натуральна, мы, праваабаронцы, ня згодныя з такімі прысудамі”.

Сястра палітзняволенага “пабілася” з міліцыянтамі
Вольга Класкоўская (на фота) – малодшая сястра вязня КДБ, былога міліцыянера Аляксандра Класкоўскага, які спрабаваў падчас разгону Плошчы спыніць збіццё людзей. Вольга вярнулася ў Беларусь са Швецыі, дзе мела статус палітычнага ўцекача, дзеля падтрымкі брата. 

Паводле словаў Вольгі, сярод ночы яе забралі з той самай кватэры, з якой, выламаўшы дзверы, у снежні ў турму забралі яе брата. Журналістку збівалі міліцыянты, ноч яна правяла ў Ленінскім РУУС. Згодна з інфармацыяй, размешчанай журналісткай ў сацыяльнай сетцы Facebook, міліцыянты парвалі на ёй блузку, а калі яна паспрабавала абараніцца, абвінавацілі ў супраціве сілам правапарадку.

Класкоўская паведаміла, што плануе звярнуцца ў органы судова-медыцынскай экспертызы. У яе баліць рука і шмат гематомаў на целе. Пратакола свайго затрымання ўначы яна не падпісала і нават не здолела прачытаць.Яе прывезлі ў пастарунак без абутку, вопратку на ёй парвалі. Толькі раніцай родныя змаглі перадаць Вользе абутак і адзенне.

Крытыка сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі
З нагоды Міжнароднага дня свабоды друку, што адзначаўся 3 траўня, кіраўнікі Хельсінкскай камісіі ЗША звярнулі ўвагу на трывожныя тэндэнцыі, якія пагражаюць свабодзе прэсы ў некаторых краінах АБСЭ, і згадалі пра Беларусь.

«Я заклікаю беларускія ўлады спыніць бязлітасную кампанію супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі і паасобных журналістаў, а таксама прывесці сваю палітыку, у тым ліку і тую, якая абмяжоўвае доступ да інтэрнэту, у адпаведнасць з абавязаннямі краіны перад АБСЭ», – сказаў Старшыня Камісіі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Еўропе Сенату ЗША кангрэсмэн Крыстафэр Сміт.

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі, міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пафала 5 мая на прэс-канферэнцыі ў Вільні ў сваю чаргу зазначыў, што Еўрасаюз уважліва сочыць за сітуацыяй вакол газет «Народная воля» і «Наша Ніва».

«У цэнтры нашай увагі дагэтуль знаходзілася вызваленне палітзняволеных, але непрымальна закрываць незалежныя газеты, і гэта мы таксама будзем крытыкаваць», — сказаў Пафала.

Беларусь супраць Міжнароднай назіральнай місіі
4 траўня ў Беларусі былі затрыманыя 6 расійскіх праваабаронцаў: Аляксандр Мнацаканян, Вікторыя Громава, Ірына Пайкачова, Любоў Захарава, Кацярына Карасцялёва і Юры Джыбладзэ. Затрыманне адбылося за некалькі хвілін да прэзентацыі дакладу пра падзеі 19 снежня 2010 году ў Мінску.

У выніку двое расійскіх праваабаронцаў – Вікторыя Громава і Аляксандар Мнацаканян былі вымушаныя цягам сутак пакінуць тэрыторыю Беларусі.

7 траўня стала вядома пра тое, што цягам сутак з Беларусі таксама мусяць з’ехаць Любоў Захарава, Ірына Пайкачова і Кацярына Карасцялёва.

Усе праваабаронцы былі ўнесеныя ў спіс людзей, чые знаходжанне на тэрыторыі Беларусі забаронена альбо непажадана.

Папярэдне, паводле такіх спісаў, з Беларусі былі вымушаныя з’ехаць яшчэ некалькі прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі.

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі (на фота) пракаментаваў сітуацыю: “Мяне “ўражвае” гэтая дваістая пазіцыя! З аднаго, боку беларускія ўлады бяруць крэдыты ў Расіі, а з другога – выправаджваюць з краіны грамадзянаў Расіі, якія цікавяцца сітуацыяй з правамі чалавека”.

Артыкулы па тэме

Міністэрства інфармацыі Беларусі супраць незалежнай прэсы

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае “зачыстку па ўсіх кірунках”

Праваабаронцы ў Беларусі не патрэбныя

Дзікае паляванне на журналістаў