Камітэт ААН па правах чалавека публічна выказаўся пра смяротнае пакаранне Аляксандра Грунова

Камітэт ААН па правах чалавека асудзіў парушэнне Беларуссю міжнародна-прававых абавязацельстваў праз выкананне смяротнага прысуду у дачыненні да Аляксандра Грунова, чыя справа на той момант знаходзілася на разглядзе ў КПЧ. КПЧ прасіў беларускія ўлады прыпыніць выкананне пакарання да разгляду справы, аднак прысуд быў выкананы, і цяпер справа будзе разгледжана, нягледзячы на тое, што заяўнік ужо расстраляны.

4 лістапада стала вядома, што асуджаны да смяротнага пакарання  беларус Аляксандр Груноў расстраляны. Яго маці Вольга Грунова распавяла, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”. У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў.

Днём раней стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.У Беларусі смяротныя прысуды, як правіла, выконваюцца неадкладна, як толькі адмоўлена ў задавальненні просьбы аб памілаванні. Сем’ям ці законным прадстаўнікам асуджаных не паведамляецца дата выканання прысуду і не гарантуецца апошняе спатканне з асуджаным, пасля расстрэлу цела не выдаецца сям’і для пахавання і не паведамляецца месца пахавання. Так і маці Грунова ў судовым парадку было адмоўлена  ў паведамленні пра месца пахавання расстралянага.

“Мала таго, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе, дзе ад імя дзяржавы расстрэльваюць людзей, дык у краіне да гэтага часу прымяняюцца фактычныя катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае годнасць абыходжанне са сваякамі пакараных. Мала таго, што мне, як у здзек, даслалі казённую адзежу расстралянага сына з надпісам “ИМН” (выключная мера пакарання) на спіне, дык зладзілі яшчэ і пажыццёвыя катаванні – я да канца дзён не даведаюся, дзе пахаваны сын, да канца дзён не змагу наведаць яго магілу”, – не стрымліваючы слёзы, кажа Вольга Грунова (на фота).

Камітэт ААН па правах чалавека публічна выказаўся ў дачыненні да пакарання смерцю Аляксандра Грунова. Адпаведны прэс-рэліз на англійскай мове апублікаваны на вэб-сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Камітэт выказаў сур’ёзную занепакоенасць тым, што Беларусь прывяла ў выкананне смяротнае пакаранне  ў дачыненні да чалавека, чыя скарга яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН.  Аляксандр Груноў звярнуўся ў Камітэт, сцвярджаючы, што судовы разгляд яго справы быў несправядлівым і што ён быў асуджаны на аснове  прызнання віны, якое  зрабіў без прысутнасці адваката. Згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, КПЧ папрасіў беларускія ўлады прыпыніць выкананне пакарання да разгляду справы. Такія запыты з’яўляюцца абавязковымі з пункту гледжання міжнароднага права.

“Пазіцыя Камітэта па правах чалавека застаецца нязменнай адносна парушэння просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мер абароны, каб пазбегнуць непапраўнай шкоды”,  – заявіў сэр Найджэл Родлі, старшыня Камітэта. Ён падкрэсліў, што гэта не першы раз, калі Беларусь карае смерцю заяўнікаў, чые справы рэгіструюцца і чакаюць разгляду ў КПЧ ААН, нягледзячы на просьбы прыпыніць выкананне прысуду.

 “Гэта сур’ёзнае парушэнне Рэспублікай Беларусь міжнародна-прававых абавязацельстваў”,  – заявіў сэр Найджэл. У адпаведнасці са звычайнай практыкай, незалежна ад выканання гэтага смяротнага прысуду, Камітэт па правах чалавека будзе працягваць разглядаць справу Аляксандра Грунова.

Нагадаем, што раней Беларусь і раней прымяняла смяротнае пакаранне ў дачыненні да тых,  чые справы знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека: 18 Сакавіка 2010 года – Васіль Юзэпчук і Андрэй Жук;19 Ліпеня 2011 года – Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў; 15 сакавіка 2012 г. – Уладзіслаў Кавалёў;17 красавіка 2014 года – Павел Сялюн. Што датычыцца расстраляных Уладзіслава Кавалёва, Андрэя Жука ды Васіля Юзэпчука, Камітэт разгледзеў справы і ўсталяваў, што Рэспубліка Беларусь парушыла іх права на жыццё, бо яны былі асуджаныя да смерці па выніках несправядлівага судовага разбору. Разгляд спраў Алега Грышкаўцова, Андрэя Бурдыкі, Паўла Сялюна, Аляксандра Грунова ў Камітэце будзе працягнуты.

Камітэт па правах чалавека ААН таксама неаднаразова крытыкаваў беларускае заканадаўства, заклікаў дзяржаву спыніць катаванні сваякоў расстраляных. У справе “Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр супраць Беларусі” , датычнай пакарання смерцю Уладзіслава Кавалёва, Камітэт ААН указаў, што “поўная сакрэтнасць вакол даты экзекуцыі і месца пахавання, а таксама адмова ў выдачы цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям’і пакаранага зняволенага ствараюць эфект запалохвання і пакарання сям’і шляхам наўмыснага пакідання іх у стане невядомасці і псіхічнага стрэсу, што ўяўляе сабой бесчалавечнае абыходжанне”.

Такім чынам, смяротнае пакаранне – адна з самых вострых і балючых тэм у сферы правоў чалавека ў Беларусі. Не адзін год праваабаронцы займаюцца гэтым пытаннем, звяртаючы на яго ўвагу  беларускіх уладаў і міжнародных структур, адсочваючы справы  тых, хто быў асуджаны на смяротнае пакаранне, і  дапамагаючы іх сваякам. 10 снежня па ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека і ўжо традыцыйна да гэтага дня Беларускі Дом правоў чалавека рыхтуе і ладзіць мерапрыемствы, якія дапамагаюць звярнуць увагу на праблему  смяротнага пакарання ў Беларусі. Так і сёлета 9 снежня пасля дыскусіі з былымі палітзняволенымі і іх блізкімі і абмеркавання агульнай сітуацыі з правамі чалавека, у Сойме Літоўскай Рэспублікі будзе арганізавана адкрыццё выставы беларускага фатографа Сяргея Балая “Вышэйшая мераі”, дзе  будуць прадстаўлены фотаздымкі маці беларусаў, пакараных смерцю. Перад гасцямі выступіць каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які зможа даць самую актуальныую інфармацыю па тэме смяротнага пакарання ў Беларусі.

Артыкулы па тэме

Беларускія праваабаронцы змагаюцца супраць смяротнага пакарання праз Камітэт па правах чалавека ААН

У Беларусі выкананы трэці смяротны прысуд за бягучы год

У Вільні прайшла дыскусія на тэму смяротнага пакарання

Latest

September 22, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай

Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці.

September 18, 2020

New UN human rights investigative mechanism in Belarus must accompany political dialogue

After holding an urgent debate today to scrutinise the serious human rights violations surrounding the 9 August presidential election in Belarus, the UN took immediate action, mandating its most senior human rights official to outline a process for accountability in Belarus before the end of the year.