Бяляцкі атрымаў трэцяе спагнанне ў калоніі

Адміністрацыя перавяла Алеся Бяляцкага (на фота) ў разрад «злосных парушальнікаў», што ставіць пад сумнеў магчымасць выкарыстання ў адносінах да яго амністыі, якая рыхтуецца на 3 ліпеня.

Пра гэта 8 чэрвеня Алесь Бяляцкі распавёў у сваім лісце з Бабруйскай калоніі: «Учора я атрымаў трэцяе спагнанне за год. Першае было яшчэ ў каранціне — за нестатутны абутак, вынеслі мне яго за дзень як перавялі ў атрад, 21 сакавіка. Другое я атрымаў за дзень перад спатканнем з жонкай, 16 траўня, за тое, што ў швачным цэху знаходзіўся без апазнавальнай шыльды-бэджу. А трэцяе за тое, што 2-га чэрвеня спаў у секцыі перад абедам.

У выніку за апошняе парушэнне пазбаўлены доўгатэрміновага наступнага спаткання, якое прадугледжанае Крымінальна-выканаўчым кодэксам.Таксама з наступнага месяца я буду абмежаваны ў закупах у лаўцы, да 100 тысяч рублёў. А зараз было 500 тысячаў. І хутчэй за ўсё, хаця пра гэта рана яшчэ казаць, бо няма тэксту амністыі, але хутчэй за ўсё як „злоснага парушальніка“ амністыя мяне не будзе датычыць».

Лісты Бяляцкага пра ўціск адміністрацыяй калоніі атрымлівае і ягоная жонка Наталля Пінчук.

“Гэта паказвае, што для яго ствараецца досыць цяжкая сітуацыя ў маральным і псіхалагічным плане, а скарачэнне грашовых паступленняў б’е па магчымасці набыць дадатковыя прадукты. Гэта будзе ўплываць на стан ягонага здароўя. Што да ягонага фізічнага стану, зразумела, ён не скардзіцца, але часам некаторыя ўскосныя дадзеныя кажуць, што тут у яго не ўсё добра і ягонае здароўе пагаршаецца. А прычэпкі і спагнанні перакрэсліваюць чые б там ні было разлікі на амністыю”,— кажа  жонка Бяляцкага Наталля.

Бяляцкі піша пра тое, што адмовіўся ўступаць у Самадзейнае Аб’яднанне зняволеных: “Апрача таго Крымінальна-выканаўчым кодэксам прадугледжанае добраахвотнае ўступленне зняволеных у СА (самадзейнае аб’яднанне). Дык вось, учлічваючы гэтую добраахвотнасць, я туды яшчэ не ўступіў, бо я і так з’яўляюся сябрам многіх арганізацыяў і аб’яднанняў, у тым ліку БАЖ, FIDH, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы і Беларускага ПЭН-цэнтру, так што СА для мяне было б ужо занадта».

Бяляцкаму адмоўлена ў задавальненні нагляднай скаргі
24 студзеня Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд Алесю Бяляцкаму ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за «ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры» (арт. 243, ч. 2, Крымінальнага кодэкса), вынесены 24 лістапада 2011 года. Прысуд быў пакінуты ў поўным аб’ёме, нягледзячы на тое, што была прадстаўленая квітанцыя пра перавод сродкаў за ўрон, які нібыта нанёс А. Бяляцкі дзяржаве сваімі дзеяннямі (757 526 717 беларускіх рублёў, прыкладна 70 тысяч еўра).

У пачатку красавіка з атрыманага ліста ад Алеся Бяляцкага стала вядома, што 29 сакавіка суд вырашыў спагнаць са зняволенага праваабаронцы больш за 140 мільёнаў пэні — за несвоечасовую аплату сумы запазычанасці. Ні калегі Алеся Бяляцкага, ні яго сям’я пра гэты судовы працэс нічога не ведалі — рашэнне суда было дасланае самім Бяляцкім жонцы Наталлі па пошце. Суд адбываўся ў адсутнасць Бяляцкага, і ў судовым рашэнні ўказана: «Адказчык у судовае паседжанне не з’явіўся, знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, пра дату і час разгляду справы апавешчаны належна».

***
 Крымінальная справа супраць Алеся Бяляцкага была заснаваная на інфармацыі, прадстаўленай беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнай пракуратурай Польшчы па рахунках, адкрытых Бяляцкім у замежных банках дзеля дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна». Беларускія ўлады расцанілі грошы на рахунках Бяляцкага як ягоны асабісты прыбытак і абвінавацілі яго ва ўтойванні сродкаў. Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд  яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Артыкулы па тэме

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў асуджаны на паўгода арышту

Касацыйная скарга Каваленкі адхіленая, актывіст аднавіў галадоўку (абноўлена)

Бяляцкі атрымаў 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

Tags:
Belarus-BY

Latest

December 10, 2018

Названыя лаўрэаты Прэміі ад праваабарончай супольнасці 2018

У Міжнародны Дзень правоў чалавека, 10 снежня, адбылася цырымонія ўзнагароджання штогадовай Прэміі ад праваабарончай супольнасці. Урачыстая дзея адбылася на новай асветніцка-адукацыйнай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”.

December 7, 2018

Abusive use of extremism laws against Crimean human rights lawyer

Human rights lawyer Emil Kurbedinov has sentenced to administrative detention in Crimea on charges related to extremism. Members of Human Rights Houses in Ukraine and international human rights organisations, including HRHF, condemn his detention and the persecution of lawyers in Crimea.

November 30, 2018

Вызначаны шорт-ліст Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў

30 лістапада праваабарончая супольнасць Беларусі вызначыла шорт-ліст штогадовай Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека.