4 снежня суд прыняў рашэнне накіраваць вязня калоніі Мікалая Дзядка для далейшага адбыцця пакарання ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму. Раней падобнае ўзмацненне жорсткасці пакарання было прынята ў дачыненні да палітвязняў Зміцера Дашкевіча, Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча.

Пра такое судовае рашэнне паведаміў бацька Мікалая Аляксандр Дзядок са спасылкай на адваката, які прысутнічаў на паседжанні. Бацька палітвязня Аляксандр Дзядок кажа: у сына ўжо 22 спагнанні за розныя парушэнні дысцыпліны, і адмысловая камісія ў калоніі выказалася за накіраванне Мікалая Дзядка ў «крытую» турму.

«Усе гэтыя нібыта парушэнні тлумачацца адным — што сын адмаўляецца падпісваць прашэнне пра памілаванне і трымаецца па-ранейшаму мужна і прынцыпова, не скараецца», — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Дзядок.

Бацька палітвязня заявіў, што рашэнне не падлягае абскарджванню: «Рашэнне прынятае, яно канчатковае і абскарджванню не падлягае. Куды накіруюць Мікалая, пакуль невядома, але можна меркаваць, што гэта будзе 4-я турма ў Магілёве. Адправяць з калоніі, верагодна, на гэтым тыдні». У крытай турме № 4 у Магілёве ўжо знаходзяцца два палітвязні — былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч і актывіст БХД Яўген Васьковіч.

Паводле жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, якая, апякуючыся мужам, атрымала немалы досвед у турэмных справах, магілёўская «крытая» турма ў асноўным прызначаная для «першаходак» — тых, хто ўпершыню асуджаны ці з каго ранейшая судзімасць здымалася. Марына Адамовіч таксама мяркуе, што Мікалай Дзядок можа апынуцца менавіта ў «крытай» магілёўскай турме, у аддзяленні строгага рэжыму.

Паводле Марыны Адамовіч, вязняў на гэтым рэжыме трымаюць у камерах па 2–4 чалавекі, адзін раз на дзень на гадзіну выводзяць на шпацыр, дзеля чаго ёсць абгароджаная пляцоўка на даху турмы: «Яны маюць права на гадзінную прагулку, на адно кароткае спатканне цягам году, якое адбываецца ў цеснай каморы, падзеленай на клеткі фанерай. Там стаіць такі гвалт, што нічога не чуваць».

Беларускі адвакат Павел Сапелка: Дзядку ствараюць невыносныя ўмовы

Вядомы беларускі адвакат Павел Сапелка не верыць у тое, што палітвязень з’яўляецца злосным парушальнікам рэжыму. 

«Мікалая Дзядка спасцігла доля, досыць характэрная для палітвязняў, якім улада стварае невыносныя ўмовы для адбыцця пакарання. Я моцна сумняваюся ў тым, што Мікалай Дзядок, як і Зміцер Дашкевіч і Яўген Васьковіч, парушаў неяк рэжым настолькі, што трымаць іх можна толькі ў турме (па тэрміналогіі «крытка» і «турма» — гэта адно і тое ж)», — распавёў Павел Сапелка.

Па словах юрыста, каб зняволенага перавялі з калоніі ў турму, ён павінен свядома і мэтанакіравана парушаць правілы ўтрымання і не падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі:

«Па сваёй практыцы я прыблізна ўяўляю, што павінен зрабіць чалавек і як ён павінен сябе паводзіць у калоніі, для таго, каб для далейшага пакарання трапіць у турму. Калонія – гэта такое месца, дзе наўрад ці ў кагосьці ўзнікае жаданне проста так парушаць правілы адбыцця пакарання. Звычайна ў турму трапляюць толькі тыя, хто цалкам свядома і мэтанакіравана вёў сябе такім чынам, каб быць «годным» такога віду зняволення».

***

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок у 2011 годзе быў асуджаны на 4,5 гады зняволення паводле абвінавачання ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» і нападзе на расійскую амбасаду. У зняволенні Мікалай Дзядок яшчэ мусіць адбыць больш за 2 гады.

Артыкулы па тэме

Белорусские правозащитники и юристы встретились с украинским омбудсменом Валерией Лутковской

Нягледзячы на канфіскацыю офіса, «Вясна» будзе працягваць працу

Месцазнаходжанне палітвязня Змітра Дашкевіча было невядомым цэлы тыдзень (абноўлена)