Чальцы і партнёры Сеткі Дамоў правоў чалавека выказалі сваю глыбокую занепакоенасць ўтрыманнем пад вартай Алеся Бяляцкага і істотным пагаршэннем умоў яго ўтрымання.

Так, у лісце гаворыцца: «Паводле атрыманай ад нашых партнёраў інфармацыі, правы Алеся Бяляцкага на прыём наведвальнікаў і атрыманне харчовых перадач былі моцна абмежаваныя. Вынікам  гэтых і іншых мер, прынятых супраць Алеся Бяляцкага падчас яго  зняволення, з’яўляецца сур’ёзнае пагаршэнне яго здароўя. Мы хацелі б адзначыць, што апошняе пагаршэнне ўмоў утрымання Алеся Бяляцкага пад вартай адбылося адразу пасля таго, як яму споўнілася 50 гадоў. Ён атрымаў прывітанні і віншаванні ад праваабаронцаў з усяго свету, а таксама ад міжнароднай супольнасці, у тым ліку Камісара Еўрапейскага Саюза па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле. Усе гэтыя людзі заклікаюць да яго неадкладнага вызвалення».

Аўтары ліста заклікаюць беларускія ўлады:

• неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, зняць усе абвінавачванні супраць яго і цалкам рэабілітаваць яго;

• да моманту вызвалення забяспечыць Алесю Бяляцкаму ў поўнай ступені доступ да медыцынскай дапамогі, якая яму патрэбна, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не адаб’юцца на стане яго здароўя;

• забяспечыць Алесю Бяляцкаму ў поўнай ступені права прымаць наведвальнікаў і атрымліваць прыватную карэспандэнцыю.

«Мы лічым, што беларускія ўлады павінны прыняць усе неабходныя меры дзеля таго, каб дазволіць праваабаронцам працаваць свабодна і без абразлівых абмежаванняў, у тым ліку шляхам прадстаўлення рэгістрацыі праваабарончым арганізацыям і адмовы ад выкарыстання рэгістрацыі НДА у якасці інструмента для падаўлення крытычных галасоў, як пазначана ў Дэкларацыі аб праваабаронцах», – гаворыцца ў лісце.

***

Сетка дамоў правоў чалавека ўяўляе сабой форум супрацоўніцтва паміж існуючымі і новымі Дамамі правоў чалавека, што аб’ядноўвае 70 НДА ў 15 краінах з Заходніх Балкан, Усходняй Еўропы і  Паўднёвага Каўказу, Усходняй Афрыкі і Афрыканскага Рога, а таксама Заходняй Еўропы. Мэта Сеткі Дамоў правоў чалавека палягае ў тым, каб абараняць, умацоўваць і падтрымліваць праваабаронцаў і іх арганізацыі. Фундацыя  Дамоў правоў чалавека, якая месціцца ў Осла (Нарвегія) і Жэневе (Швейцарыя), з’яўляецца сакратарыятам Сеткі Дамоў правоў чалавека.

Documents: