Любоў Кавалёва прысутнічала ў Амстэрдаме на прэм’еры новага спектакля Беларускага свабоднага тэатра «Trash Cuisine». Галоўнай тэмай спектакля стала смяротнае пакаранне ў розных краінах свету, а асновай паслужыла гісторыя суду і пакарання Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Пасля заканчэння спектакля на сцэну выйшлі Любоў Кавалёва, Ірына Багданава і Лера Красоўская, якія разам прадставілі новую кампанію «Вярніце цела».

У сваім выступе Любоў Кавалёва папрасіла гледачоў спектакля дапамагчы ёй вярнуць цела яе сына Уладзіслава. Дачка зніклага ў 1999 годзе бізнесоўца Анатоля Красоўскага Лера Красоўская падзялілася сваёй гісторыяй і выказала надзею, што яна таксама калі-небудзь даведаецца, дзе быў пахаваны яе бацька. Сястра кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава Ірына Багданава, у сваю чаргу, звярнулася да нідэрландцаў і замежных гасцей з просьбай запатрабаваць ад сваіх палітыкаў зрабіць усё магчымае, каб выпусціць беларускіх палітвязняў і не дапусціць з’яўлення новых. Яна таксама папрасіла гледачоў падпісаць петыцыю Любові Кавалёвай з патрабаваннем вярнуць ёй цела яе сына.

Грамадская кампанія «Вярніце цела», ініцыяваная Беларускім свабодным тэатрам і нідэрландскімі зоркамі тэатра і кіно, праводзіцца ў межах кампаніі «Free Belarus Now». 4 кастрычніка кампанія правяла флэшмобы ў пяці гарадах Нідэрландаў: на чыгуначных станцыях і станцыях метро адначасова былі раскладзеныя пакеты для захоўвання мёртвых целаў, унутры якіх былі валанцёры — нідэрландскія студэнты (на фота). Флэшмобы працягваліся ад 10 да 30 хвілін і былі арганізаваны ў гадзіну пік, калі галандцы накіроўваліся на працу.

За дзень да гэтага ўсе рэдакцыі вядучых СМІ Нідэрландаў атрымалі на свае адрасы пакеты з надпісам «Вярніце цела».

Кампанія «Вярніце цела», агучаная ў дзень прэм’еры Любоўю Кавалёвай, Лерай Красоўскай і Ірынай Багданавай, уключае ў сябе тры аспекты: выдачу цела Улада Кавалёва яго сям’і для пахавання і адмену смяротнага пакарання ў Беларусі; вяртанне целаў выкрадзеных і забітых апанентаў рэжыму Лукашэнкі і правядзенне справядлівага расследавання абставінаў іх смерці; вызваленне палітвязняў, кожны з якіх сёння знаходзіцца ў небяспецы, каб прадухіліць іх магчымую гібель.

Амбасадары Еўрасаюза прад’явілі дэмарш Беларусі з-за смяротнага пакарання

 2 кастрычніка з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначацца 10 кастрычніка, амбасадар Латвіі ў Беларусі разам з амбасадарамі Францыі і Італіі ў Беларусі і прадстаўнікамі Дэлегацыі Еўрасаюза ў Мінску прад’явілі дэмарш МЗС Беларусі, каб яшчэ раз звярнуць увагу беларускіх уладаў на праблему адмены смяротнага пакарання ў краіне.

Дэмарш з’яўляецца сумесным рашэннем Дэлегацыі Еўрасаюза ў Мінску і акрэдытаваных у Мінску амбасадараў краін-удзельніц Еўрасаюза, і ягонае ўручэнне было даручанае кіраўніку дыпламатычнай місіі Латвіі.

Беларусь – адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, у якой дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне. Еўрасаюз, уключаючы Латвію, неаднаразова заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Артыкулы па тэме

Любоў Кавалёва шукае запісы сына, якія зніклі пасля яго расстрэлу

Родныя расстралянага прапанавалі Лукашэнку змяніць заканадаўства

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць