На беларускім тэлебачанні праходзіць запіс выступаў кандыдатаў у дэпутаты, а таксама дэбатаў паміж імі. Аднак зусім неабавязкова, што выступы будуць паказаныя ў эфіры, бо кандыдаты ад апазіцыі ў сваіх выступах агітуюць не за сябе, а за байкот. Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў запісваў свой выступ на тэлебачанні раніцай 5 верасня. Юрыст Беларускага Тэлебачання папярэдзіў яго:

«У вашым выступе не павінна ўтрымлівацца заклікаў да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, знявагі або паклёпу ў адносінах да службовых асоб дзяржавы, а таксама іншых кандыдатаў».

У сваім выступе кандыдат Мікалай Казлоў (на фота) найперш згадаў выпадак парушэння закону падчас мінулай парламенцкай выбарчай кампаніі:

«Я тут з адной мэтай — пераканаць вас адмовіцца прымаць удзел у мерапрыемстве, якое ў нашай краіне чамусьці называецца выбарамі. У 2008 годзе на мінулых выбарах я быў відавочцам таго, як вечарам пасля сканчэння датэрміновага галасавання сябры камісіі тайна кінулі ў скрыню бюлетэні за патрэбнага ўладзе кандыдата. Я злавіў іх за руку».

Паводле спадара Казлова, гэтыя сябры камісіі ніяк не былі пакараныя за гэты ўчынак, і ў часе гэтай кампаніі яны працягваюць працаваць у той самай выбарчай камісіі. Таму кандыдат Мікалай Казлоў заклікаў выбарцаў:«Адмоўцеся ад удзелу ў чарговым падмане, які ўлада называе выбарамі. Я ў сваю чаргу абяцаю зняць сваю кандыдатуру непасрэдна перад галасаваннем».

Юрыст Беларускага Тэлебачання паведаміў Казлову, што відэазапіс накіруюць у Цэнрвыбаркам, а там пасля цэнзуры вырашаць, ці можна яго пускаць у эфір. Радыёзапіс выступу Мікалая Казлова ў эфір так і не прайшоў — менавіта з-за таго, што ён заклікаў байкатаваць выбары.

Усе кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі  маюць агульную задачу — заклікаць людзей да няўдзелу ў галасаванні, кажа спадар Казлоў: «У гэтай кампаніі я агітую за байкот. Хачу данесці людзям, што выбараў няма, а без выбараў у нас няма ніякіх правоў, мы не здольныя ўплываць на ўладу. Таму чыноўнікі проста купаюцца ў сваёй беспакаранасці».

Паляванне на актывістаў, што заклікаюць байкатаваць выбары

7 верасня раніцай у Мінску на кватэры па месцы жыхарства быў затрыманы лідар моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў, якога адвезлі ў Маскоўскі РУУС.Таксама 7 верасня каля 16:30 каля пад’езда свайго дома быў затрыманы яшчэ адзін актывіст «Zмены» Аляксандр Арцыбашаў.

Перад гэтым 5 верасня быў затрыманы і на наступны дзень асуджаны на 7 сутак яшчэ адзін актывіст – Ягор Віняцкі. Таксама 6 верасня на офісе кампаніі «Гавары праўду» прайшоў ператрус. Як паведамляцца на сайце кампаніі,«такое дбайнае “прарэджванне” моладзевай арганізацыі на завяршальным этапе перадвыбарчай гонкі звязана, хутчэй за ўсё, з спробай кампаніі “Гавары праўду” і яе моладзевага крыла арганізаваць “паказальны байкот” у 101-ай выбарчай акрузе сталіцы».

За заклік да байкоту выбараў  штраф

3 верасня быў затрыманы віцебскі актывіст Барыс Хамайда (на фота) за тое, што выйшаў у цэнтр горада з плакатам «Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ — байкот!». У сваіх дзеяннях Хамайда не бачыў нічога супрацьзаконнага: калі ідзе агітацыйная кампанія, то агітаваць, на яго думку, закон дазваляе і «за», і «супраць», у тым ліку супраць удзелу ў выбарах увогуле. Спадар Хамайда адстаяў з плакатам прыкладна дзве гадзіны. Потым яго затрымалі міліцыянты, завезлі ў Чыгуначны РАУС і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Суд вырашыў пакараць Хамайду штрафам. Актывіст лічыць і затрыманне, і суд незаконнымі: « Я суддзі патлумачыў сваю пазіцыю: што нічога не парушаю, бо ідзе агітацыйная кампанія. Так, я агітую за байкот выбараў, бо ён у нас не забаронены. Я не адмаўляў, што выйшаў з плакатам, так што нават не апытвалі міліцыянтаў-сведак. Пасля майго выступу суддзя кудысьці выходзіла — відавочна, з кімсьці раілася. Урэшце вынесла рашэнне пра штраф памерам 4 базавыя велічыні».

Меркаванні праваабаронцаў і прадстаўнікоў ЦВК адносна байкоту разыходзяцца

28 жніўня сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік (на фота) заявіў: «З боку дзяржавы было б неразумна арганізоўваць выбарчую кампанію, марнаваць на гэта велізарныя сродкі і прадастаўляць магчымасць апанентам выкарыстоўваць эфірны час для правядзення агітацыі супраць дзяржаўнага мерапрыемства». На яго думку, агітацыя за байкот не забаронена заканадаўствам Беларусі, аднак яна не адпавядае паняццю перадвыбарнай агітацыі.

У сваю чаргу, адзін з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч лічыць, што забарона бясплатных выступаў у СМІ кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, парушае законы Беларусі.

«Заклікі да байкоту выбараў, крытыка выбарчага заканадаўства і практыкі яго ўжывання разам з любой іншай перадвыбарчай агітацыяй заканадаўствам не забароненыя, кандыдаты ў дэпутаты вольныя ў выкладзе сваіх поглядаў і праграмаў, а выбарцы павінны мець максімальныя магчымасці атрымліваць інфармацыю пра кандыдатаў, іх погляды і праграмы. Любыя абмежаванні гэтых правоў, за выключэннем прадугледжаных законам і неабходных у дэмакратычным грамадстве, варта разглядаць як недапушчальнае абмежаванне свабодных выбараў», — заявіў Стэфановіч.

На яго думку, волевыяўленне грамадзян падчас выбараў ажыццяўляецца не толькі праз галасаванне за аднаго з кандыдатаў альбо супраць усіх кандыдатаў.

«Адмова ад галасавання — гэта таксама грамадзянская пазіцыя, на якую выбаршчык мае права», — адзначыў Стэфановіч.

«Такім чынам, цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, не адпавядаюць заканадаўству Беларусі і яе міжнародным абавязанням, парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў у дэпутаты і абмяжоўваюць як правы кандыдатаў на агітацыю, так і правы выбарцаў на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі», — падсумаваў праваабаронца.

Артыкулы па тэме

Перад выбарамі КДБ зацікавіўся сацыяльнымі сеткамі

Беларускі ЦВК зусім не рады назіральнікам АБСЕ

КДБ дакарае праваабаронцаў за непацверджаную інфармацыю, але сам дае непраўдзівыя звесткі