Вільям Т. Робінсан III занепакоены тым, што вяршэнства права не можа быць адноўлена ў Беларусі без вырашэння бягучых пагроз незалежнасці юрыдычнай прафесіі. Aд імя Асацыяцыі аўтар ліста звяртаецца да адрасатаў з просьбай разгледзець дадатковыя сродкі для павышэння значнасці гэтай праблемы ў адносінах з урадам Беларусі.

Вільям Т. Робінсан III гаворыць пра стварэнне надзвычайных камісій для ацэнкі эфектыўнасці працы беларускіх юрыстаў, пра ціск на праваабаронцаў і адвакатаў, якія абаранялі палітычных апанентаў існуючай улады, і пра пазбаўленне іх адвакацкіх ліцэнзій: “Хоць Міністэрства сцвярджае, што іх пакаранні былі звязаныя з «прафесійнымі» або «этычнымі» недахопамі, гэтыя юрысты былі пакараныя за працу з палітычнымі кандыдатамі, якія былі гвалтоўна затрыманыя пасля  выбараў у снежні 2010 года, або за тое, што выступалі за захаванне правоў чалавека пры дапамозе сваёй працы”.

Вільям Т. Робінсан III заяўляе, што такія дзеянні ўрада Беларусі з’яўляюцца відавочнымі парушэннямі міжнароднага права і асноўных прынцыпаў юрыдычнай прафесіі:

“Гэтыя дзеянні ўрада Беларусі ў дачыненні да адвакатуры і асобных адвакатаў выклікалі сур’ёзную заклапочанасць сярод членаў Асацыяцыі і яе кіраўніцтва. Існуе трывога, што не толькі адвакаты і юрысты знаходзяцца пад ціскам, але што дзеянні ўрада Беларусі дадуць магчымасць для працягу і росту іншых парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага права.

У цэнтры нашай увагі знаходзіцца тое, што Беларусь парушае міжнароднае права і не прытрымлівацца сваіх дагаворных абавязацельстваў. Помста ўрада ў дачыненні да гэтых адвакатаў і ўмяшальніцтва ў кіраванне калегіі адвакатаў супярэчыць асноўным правам чалавека, замацаваным у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя дзеянні парушаюць права на свабоду выказвання меркавання, свабоду асацыяцыі і права на абарону”.

У лісце да Марціна Шульца аўтар папрасіў, каб рэабілітацыя юрыстаў, пазбаўленых звання адваката і ліцэнзіі, і аднаўленне незалежнасці Мінскай калегіі адвакатаў стала абавязковай умовай узнаўлення ўзаемаадносін Беларусі з ЕС і краінамі-членамі ЕС. Вільям Т. Робінсан III паабяцаў адрасатам аказанне падтрымкі любых намаганняў, якія будуць зробленыя, каб выправіць становішча беларускай адвакатуры.

Documents: