Любоў (на фота) і Таццяна Кавалёвы звярнуліся да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а таксама да начальніка Дэпартамента па выкананні пакаранняў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і чальцоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу з пытаннем, чаму целы расстраляных не выдаюцца і месца іх пахавання не паведамляецца.

У заяве, накіраванай у названыя вышэй інстанцыі, родныя расстралянага Уладзіслава Кавалёва пішуць, што яны звярталіся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аддаць цела сына і брата, каб пахаваць яго паводле праваслаўнай традыцыі, аднак у адказ атрымалі лісты з Дэпартамента выканання пакаранняў і з прэзідэнцкай адміністрацыі, што ў адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса целы пасля смяротнага пакарання сваякам не выдаюцца і месца пахавання не паведамляецца.

Кавалёвы просяць выкласці, “паводле якой прычыны і навошта ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь неабходная гэткая норма” і “чаму пасля расстрэлу паводле судовага выраку адбываюцца здзекі над сваякамі пакаранага”, якім не выдаюць цела расстралянага, не называючы месца пахавання. Кавалёвы хочуць ведаць адказ, чым выклікана такая неабходнасць і чаму “сваякі не могуць забраць цела пакаранага і пахаваць у адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі поглядамі”.

У заяве родныя Уладзіслава Кавалёва падкрэсліваюць, што хацелі б атрымаць не фармальны адказ са спасылкай на Крымінальна-выканаўчы кодэкс, а змястоўнае абгрунтаванне дадзенай заканадаўчай нормы. Па меркаванні Кавалёвых, “няма ніякага разумнага абгрунтавання для нявыдачы цела пакаранага сваякам або ўтойвання ад іх месца яго пахавання”.

Родныя Уладзіслава Кавалёва прапануюць унесці змены ў заканадаўства, бо лічаць, што існуючыя нормы надзвычай жорсткія і бесчалавечныя ў дачыненні да сваякоў пакараных смерцю. У прыватнасці, Кавалёвы прапануюць адмяніць палажэнне пункта 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса.

Яны лічаць, што Аляксандр Лукашэнка можа вырашыць пытанне аб прадастаўленні ім звестак аб месцы пахавання пакаранага сына і брата – калі будзе выдадзены адпаведны ўказ або дэкрэт. З такой прапановай маці і сястра Уладзіслава Кавалёва ўжо звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі.

 ***

30 лістапада 2011 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. У выніку тэракта ў метрапалітэне 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя.

14 сакавіка стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных на смерць за тэракт у мінскім метро. 17 сакавіка сваякі атрымалі паведамленне з Вярхоўнага Суду аб тым, што прысуд Уладзіславу Кавалёву прыведзены ў выкананне.

Маці Уладзіслава Кавалёва 22 сакавіка гэтага года ўжо звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, каб ёй выдалі цела расстралянага сына. Яна прасіла А. Лукашэнку не прымяняць у дадзеным выпадку нормы Крымінальна-выканаўчага кодэкса, бо лічыць, што вышэйшую меру пакарання Уладзіславу Кавалёву прысудзілі несправядліва. Маці абвяргае датычнасць сына да выбуху ў мінскім метро.

11 красавіка, у гадавіну тэракта, яна атрымала адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб адміністрацыі прэзідэнта С.І. Буко, у якім паведамлялася, што “ў кампетэнцыю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгляд гэтага пытання не ўваходзіць“ і што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана, каб звесткі аб месцы пахавання асобы, асуджанай да выключнай меры пакарання, паведамляліся сваякам.

Артыкулы па тэме

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)

Пацярпелая ад тэракту: «Мяне выкралі невядомыя»

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае “зачыстку па ўсіх кірунках”