12 кастрычніка стала вядома пра тое, што урад унёс, Палата прадстаўнікоў прыняла, а Савет Рэспублікі зацвердзіў пакет паправак у законы пра грамадскія аб’яднанні, партыі і ў Крымінальны кодэкс. Былі прапанаваныя і папраўкі ў закон пра органы дзяржбяспекі.

 Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый «Amnesty International», ARTICLE 19, Civil Rights Defenders, Front Line Defenders, Human Rights Watch, Human Rights House Foundation, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт ды Observatory for the Protection of Human Rights Defenders звярнуліся да Савету Рэспублікі – верхняй палаты беларускага парламента з настойлівым заклікам не ўхваляць нядаўнія папраўкі ў заканадаўства, што супярэчаць свабодзе сходаў і свабодзе на асацыяцыі і жорстка абмяжоўваюць дзейнасць беларускіх грамадзянскіх груп, асабліва тых, якія займаюцца правамі чалавека або сумежнымі пытаннямі.

“Мы глыбока занепакоеныя непазбежнымі наступствамі прапанаваных паправак для дзейнасці беларускіх НДА, якія рызыкуюць апынуцца пад яшчэ больш шчыльным наглядам з боку ўладаў. Цяперашнія заканадаўчыя ініцыятывы таксама дадаткова абмяжоўваюць свабоду асацыяцыі і свабоду сходаў”, – было сказана ў звароце да Савета Рэспублікі.

Адказ: “Законапраекты адпавядаюць інтарэсам грамадства на сучасным этапе”

Паводле адказу афіцыйнага Мінску, законапраекты не супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, не парушаюць міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ды адпавядаюць інтарэсам грамадства на сучасным этапе.

У адказе пазначана, што карэкціроўка законаў “Аб грамадскіх аб’яднаннях” ды “Аб палітычных партыях”, згодна з якой грамадскім аб’яднанням, іх саюзам  забараняецца захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы і іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, на тэрыторыі замежных дзяржаў, была накіраваная на забеспячэння роўных умоваў дзейнасці ўсіх грамадскіх аб’яднанняў ды саюзаў, а таксама на недапушчэнне выкарыстання свабоды аб’яднанняў на шкоду нацыянальнаму суверэнітэту.

“Дадзеныя законапраекты накіраваныя на ўзмацненне грамадскага парадку і нацыянальнай бяспекі , а таксама на абарону правоў і свабод грамадзян. Яны не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, прымаюцца толькі ва ўсталяваных законам выпадках, адпавядаюць грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам асобы”, – сказана ў адказе Беларусі.

 

 

Documents: