14 верасня ў Беларусі былі вызваленыя яшчэ 11 палітвязняў. Важна адзначыць, што амаль ніхто з гэтых людзей не пісаў прашэнняў аб памілаванні, якія пісалі тыя, хто былі вызваленыя папярэдне.

Былы палітвязень Аляксандр Класкоўскі (на фота) заявіў, што ў апошні час адміністрацыя калоніі некалькі разоў прапаноўвала яму напісаць прашэнне аб памілаванні. Прычым быў важны сам факт напісання паперы – не абавязкова было нават прызнаваць віну.

“У калоніі пагражалі згвалтаваннем, у выпадку калі не падпішу прашэнне аб памілаванні. Дзейнічалі праз іншых зняволеных. На гэты конт будзе асобнае інтэрв’ю. Я нічога не падпісваў і Лукашэнку не пісаў. Прасілі нават не прызнаваць віну, але я не пісаў нічога”, – распавёў Класкоўскі.

Пра гвалт, катаванні і ціск распавялі і іншыя былыя палітвязні.

Мікіта Ліхавід (на фота): «Што лічыць ціскам? Вось адзін прыклад — забарона спаць удзень. Паводле закону, спаць удзень у штрафным ізалятары нельга. Але калі ўначы так вільготна і холадна, што даводзіцца паўночы адціскацца, каб сагрэцца, то ўдзень, калі зясі гарачага, то натуральна цябе цягне на сон. Людзі кладуцца паспаць. І за гэта цябе адпраўляюць у штрафны ізалятар альбо дадаюць суткі, калі ты ўжо знаходзішся ў ізалятары».

Аляксандр Атрошчанкаў (на фота) : «Мне, напрыклад, палкоўнік Арлоў, выканаўца абавязкаў начальніка следчага ізалятара КДБ, сказаў, што ён мне зробіць Гуантанама, што я пераблытаю дзень і ноч. І прыкладна ў такіх умовах я і правёў тры месяцы ў турме КДБ. І насамрэч, час ад часу ўключалі святло ўначы, удзень прыглушалі…».

 

Павел Вінаградаў: «Мяне ніхто не біў. Але да мяне вельмі часта прыходзілі людзі, якія не прадстаўляліся. Яны пагражалі мне, што пасадзяць у так званую „прэс-хату“, дзе будзе на мяне нейкае фізычнае ўздзеянне, то пагражалі пасадзіць у камеру з вязнямі нізкага сацыяльнага статусу. То яшчэ нейкія пагрозы, кшталту — „ты ў нас з турмы не выйдзеш“.

 А часам пугу мянялі на пернік: ты скажы, Паша, вось гэта, гэта і гэта. І пажадана на камеру, каб пасля паказаць па тэлебачанні. І тады мы цябе адпусцім».

Варта непакоіцца за тых, хто яшчэ не вызвалены

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў адмысловым звароце да начальніка дэпартаменту выканання пакаранняў палкоўніка Барсукова патрабуюць спыніць ціск на палітвязня Змітра Дашкевіча (на фота). 

Зварот у абарону палітвязня падпісалі пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт Рыгор Барадулін, паэт Ніл Гілевіч, археолаг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Алесь Краўцэвіч, музыкі Зміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі.

 “На маладафронтаўца чыніцца пастаянны ціск з боку адміністрацыі калоніі, у сувязі з чым Зміцер аб’явіў галадоўку, якая можа мець сур’ёзныя наступствы для ягонага здароўя (трэба ўлічыць, што Дашкевіч мае шэраг хранічных захворванняў)”, – гаворыцца ў звароце.

 Яго аўтары патрабуюць забяспечыць нармальныя ўмовы ў штрафным ізалятары, дзе Дашкевіч апынуўся адразу пасля выхаду з памяшкання камернага тыпу.

“Ён мае знаходзіцца ў камеры круглыя суткі, пры гэтым тамтэйшая тэмпература не перавышае вулічнай. Дашкевічу забаранілі браць якія-колечы цёплыя рэчы, акрамя летняй робы для наведнікаў штрафнога ізалятару, уначы няма нават чым накрыцца”, – адзначаюць аўтары звароту.

Таксама яны патрабуюць вярнуць Дашкевічу Біблію.У абарону Змітра Дашкевіча ў жніўні выступаў былы старшыня беларускага парламенту Станіслаў Шушкевіч.

Артыкулы па тэме

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў у Беларусі (абноўлена)

ПЦ "Вясна": Дыялог з Лукашэнкам немагчымы, пакуль у краіне ёсць палітвязні

Палітвязняў вызваляюць, але адвакатам працаваць не даюць