Алесь Бяляцкі быў затрыманы каля плошчы Перамогі ў Мінску і дастаўлены ў офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» для правядзення вобшуку. У яго кватэры ў Мінску і на лецішчы пад Мінскам таксама былі праведзеныя ператрусы. Як праваабаронца паспеў паведаміць сваім калегам па тэлефоне, ён абвінавачваецца ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў”.

 “Я думаю, што прычына гэтых абвінавачванняў заключаецца ў тым, што наша арганізацыя [Вясна] аказвае рознага кшталту дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі”, – заявіла Таццяна Равяка, калега Бяляцкага па працы ў “Вясне” і прэзідэнт Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні.

Артыкул 243,2 беларускага Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

 ***

 Бяляцкі з’яўляецца старшынём Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 1998 года. Арганізацыя была афіцыйна зачыненая рашэннем суда ў 2003 годзе пасля актыўнага ўдзелу ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі.

 Праваабаронцы  неаднаразова спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова. Міжнародная супольнасць лічыць рэпрэсіі супраць “Вясны” і кіраўніцтва Праваабарончага цэнтру палітычна матываванымі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” з’яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі па правах чалавека (FIDH).

 Сотні ахвяр рэжыму атрымалі прававую ды іншыя віды дапамогі дзякуючы “Вясне”.

Больш падрабязную інфармацыю пра становішча спадара Бяляцкага прадставяць праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда ў ходзе тэрміновай прэс-канферэнцыі, што пройдзе 5 жніўня ў 13.00 у Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні па адрасе Latako 3.

Артыкулы па тэме

“Няправільных” беларускіх адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій

Улады Беларусі пераблыталі праваабаронцаў з тэрарыстамі

Праваабаронцы ў Беларусі не патрэбныя