У межах падрыхтоўкі да чэрвеньскай сэсіі Рады па правах чалавека ААН Фундацыя Дамоў правоў чалавека і Беларускі Дом правоў чалавека распрацавалі і распаўсюджваюць дакумент, у якім распавядаецца пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

“Мы лічым апошнія рэпрэсіі і ціск на праваабаронцаў, юрыстаў, журналістаў, студэнтаў і іншых беларускіх грамадзян трывожнай тэндэнцыяй, накіраванай на тое, каб прымусіць замаўчаць крытычныя галасы, што  з’яўляецца сур’ёзным парушэннем асноўных правоў чалавека. Гэтыя падзеі таксама паказалі, што беларускія ўлады не жадаюць супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі і выконваць свае міжнародныя абавязацельствы,” – сказана ў дакуменце.

Тамсама паведамляецца пра тое, што ціск з боку ўладаў на журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў, які распачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, значна павялічыўся пасля тэракту ў мінскім метро 11 красавіка.

Пра трывожную сітуацыю з праваабаронцамі аўтары  выказаліся так: "Мы бачым моцныя абмежаванні дзейнасці праваабаронцаў і актывістаў. Праваабаронцы падвяргаюцца пераследу, іх рэгулярна дапытваюць, у памяшканнях арганізацый і прыватных дамах праваабаронцаў праводзяць вобшукі,  ў дачыненні да канкрэтных асоб і арганізацый выносяцца папярэджанні”.

Спадзяванне
Для падрыхтоўкі чэрвеньскай сэсіі Рады былі распачатыя дзеянні з мэтай прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека, узяла ўдзел ў сумесным брыфінгу, арганізаваным  ЕЗ для краін-“аднадумцаў”, і прысутнічала на сустрэчах з краінамі з розных рэгіёнаў, такіх як Бразілія, Нігерыя, Украіна і іншыя.

Гэтыя дзеянні накіраваныя на прыняцце рэзалюцыі на чэрвеньскай сэсіі. Таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць важным прызначэнне Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў сувязі з тым, што пераслед палітычных і грамадскіх актывістаў, жорсткае стаўленне да затрыманых, вобшукі ў праваабарончых арганізацыях у Беларусі працягваюцца.

***

Пасля масавай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году ў Беларусі прайшла хваля рэпрэсій: каля 700 чалавек былі затрыманыя і збітыя, больш за 20 чалавек ужо асудзілі за ўдзел у масавых беспрадках, у лік абвінавачаных у арганізацыі беспарадкаў патрапілі 5 з 10 кандыдатаў у прэзідэнты.

 

Нягледзячы на міжнародную крытыку, вынясенне жорсткіх прысудаў удзельнікам акцыі пратэсту у Беларусі не спынілася. Так, 11 траўня ў Мінску судзілі адразу 27 чалавек. Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў турэмнага зняволення, Дзмітрыя Вуса – на 5, 5 гадоў. Самы вялікі тэрмін пакарання атрымаў Мікола Статкевіч (на фота), асуджаны на 6 гадоў зняволення.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч заявіў, што ў СІЗА КДБ яго катавалі, пазней яго словы пра катаванні пацвердзіў яшчэ адзін экс-кандыдат, Андрэй Саннікаў.Праваабаронцы неаднаразова выказвалі свой пратэст супраць такіх жорсткіх дзеянняў уладаў Беларусі, што выявіліся ў ціску на адвакатаў і журналістаў ды масавых ператрусах і затрыманнях. Так, на паседжанні Рады ААН па правах чалавека, што адбылося 14 сакавіка ў Жэневе, ад імя 45 краін была агучаная заява па сітуацыі ў Беларусі. Аўтары выказалі занепакоенасць з нагоды рэпрэсій супраць палітычных апанентаў, паведамленняў аб запалохванні адвакатаў і катаваннях арыштаваных. Беларускі бок у сваю чаргу адказаў на заяву абвінавачаннямі і адмовай ад дыялогу.Як вядома, пасля тэракту ў Мінскім метро 11 красавіка , прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абяцаў правесці “зачыстку па ўсіх кірунках” і загадаў дапытаць апазіцыйных актывістаў. Пасля гэтага  19 красавіка праваабаронца, сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэта і партнёр Дома правоў чалавека ў Вільні Павел Левінаў быў затрыманы па падазрэнні ў дачыненні да тэракту.  Разам з ім па тым жа артыкуле былі затрыманыя заснавальніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач, рэдактар газеты “Віцебскі кур’ер” Алег Баршчэўскі і Павел Станеўскі. Аднак увечары 19 красавіка начальнік РУУСа, дзе знаходзіліся затрыманыя, паведаміў, што яны былі затрыманыя за "дробнае хуліганства".

Артыкулы па тэме

У Літоўскім Сойме абмеркавалі "паляванне на вядзьмарак" у Беларусі

Пратэстоўцаў судзяць, журналістаў збіваюць, праваабаронцаў выганяюць

Канвеер судоў над апанентамі беларускага рэжыму: новы антырэкорд

Міністэрства інфармацыі Беларусі супраць незалежнай прэсы