11 красавіка на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў цэнтры Мінску адбыўся выбух. Як паведамляе Радыё Свабода, пацярпелі 204 чалавекі, 12 загінулі. 11 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане, за іх жыцці змагаюцца.

13 красавіка ў Мінску абвешчаная жалоба. Распачатая крымінальная справа, у Мінску прынятыя меры перасцярогі: у метро ўсталёўваюцца металашукальнікі, з кантралёрамі грамадскага транспарту правялі інструктаж.

Дапытаць апазіцыю!
13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выканаўцы тэракту у мінскім метро ўжо затрыманыя.

Гэтыя ж людзі, па яго словах, прызналіся ў здзяйсненні выбухаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2008 года і ў Віцебску ў 2005 годзе.
Прэзідэнт загадаў дапытаць прадстаўнікоў апазіцыі наконт выбуху ў метро 11 красавіка.

“Магчыма, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калоны нам раскрыюць карты і пакажуць, хто ж замовіў? Можа, хтосьці і з уладаў? Усіх дапытаць. У межах крымінальнай справы ўсіх прыцягнуць і дапытаць, нягледзячы ні на якую дэмакратыю і вой ды стогны замежных пакутнікаў. Матэрыялы ёсць. Бярыце, даследуйце, няхай тлумачаць, адкуль у іх гэтая інфармацыя”, — сказаў Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі асудзіў разважанні “аб нейкіх правах чалавека”.

“Дайшло да шчырага блюзнерства. Увесь народ перажывае трагедыю, смуткуе аб загінулых, а нашы еўрапейскія так званыя партнёры ў Страсбургу разважаюць аб нейкіх правах чалавека”, — заявіў ён.

“Мы ні ў якім разе не павінны расслабляцца. Зачыстка павінна быць праведзеная па ўсіх кірунках – вы разумееце, аб чым гаворка”,- дадаў Лукашэнка.

Папярэджанні за выказванні пра выбух
Генпракуратура вынесла папярэджанне кіраўніку Руху «За свабоду» Аляксандру Мілінкевічу, журналісту Аляксандру Старыкевічу і былому супрацоўніку КДБ Валеру Костку «за распаўсюд неабгрунтаванай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў Менскім метрапалітэне».

Папярэджанне Аляксандру Старыкевічу  вынесенае за артыкул «Каму гэта выгадна?».

Да таго ж, 11 красавіка быў абмежаваны доступ да незалежных сайтаў “Хартыя’97” і “Беларускі партызан”. На брыфінгу 11 красавіка прадстаўнік Генпракуратуры заявіў, што сайты “злоўжывалі свабодай слова”.

Чыноўнікам выказвацца можна?
12 красавіка намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі (на фота) заявіў, што “усе падзеі – 3 ліпеня, Плошча, заклікі да эканамічнага байкоту, стварэнне ажыятажу вакол цукру, алею, валюты – звёны аднаго ланцуга”.

Таксама Гумінскі падкрэсліў, што зараз трэба даць ацэнку тым беларусам, што “спрабуюць прадстаўляць Беларусь за мяжой”. “Сёння яны не з’яўляюцца патрыётамі. Гэта патрыёты асабістага дабрабыту, тых, хто ім яго забяспечвае”, – сказаў Віктар Гумінскі.

Меркаванне праваабаронцы
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч (на фота) распавёў “Вясне”, што лічыць “недапушчальнымі  ў падобнай трагічнай сітуацыі” выказванні асобы, якая займае высокую дзяржаўную пасаду.

“Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь сёння  папярэдзіла  аб недапушчальнасці выказванняў і публікацый паклёпніцкага характару і разнастайных інсінуацый, і таму я мяркую, што гэтае папярэджанне датычылася ўсіх грамадзянаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў і займаемай імі пасады.

Вядзецца следства, якое, спадзяюся, установіць віноўных ва ўчорашняй трагедыі. Са свайго боку хацелася б таксама заклікаць прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, дзяржаўных органаў улады, ўстрымацца ад неабдуманных каментароў, пошуку і прызначэння вінаватых, навешвання ярлыкоў, падзелу грамадзянаў на “патрыётаў” і “псеўдапатрыётаў”.

Дапытваюць актывістаў па ўсёй Беларусі
Як паведамляе “Вясна”, раніцай 12 красавіка ў Мінску выклікалі на гутарку актывіста Ігара Багатчыка. Тэма гутаркі – учорашні выбух на станцыі метро “Кастрычніцкая”. Калі Ігар ісці без позвы адмовіўся, па тэлефоне яму паабяцалі зараз жа прывезці позву. Ігар Багатчык адказваў на пытанні супрацоўнікаў ГУБАЗ (ГУБОП) пра тое, дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ўвечары 11 красавіка. Яго адпусцілі без складання пратакола.

Таксама 12 красавіка рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча выклікалі ў мясцовы аддзел КДБ, каб апытаць пра тэракт у Мінску.

«У мяне пыталіся, дзе я быў учора, ці ёсць у мяне сведкі,якія пацвердзяць, што я менавіта быў дома, ці ў краме, ці на працы. Таксама пытанні тычыліся таго, ці чуў я ад каго-небудзь з апазіцыі пра падрыхтоўку тэракта, ці 19 снежня на Плошчы ў Менску гучалі заклікі да выбухаў. Натуральна, я адказаў, што не – нічога такога не чуў», – распавёў актывіст.

Па звестках праваабаронцаў, допыты актывістаў пачаліся таксама ў Берасці. Старшыню мясцовай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Людмілу Дзенісенку дапыталі ў КДБ. Следчыя цікавіліся, дзе Людміла была 11 красавіка.

Праваабаронцы заклікаюць праваахоўныя органы, якія займаюцца расследаваннем трагедыі, не нагнятаць у грамадстве атмасферу падазронасці і страху і паспрабаваць як мага хутчэй знайсці сапраўдных злачынцаў.