Беларускія ўлады працягваюць аказваць ціск на незалежных журналістаў. Напярэдадні Дня волі, што адзначаўся 25 сакавіка, па Беларусі прайшла хваля затрыманняў журналістаў.

У Магілёве быў затрыманы журналіст Алесь Асіпцоў. Асіпцова абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі трое сутак арышту.

25 сакавіка быў затрыманы магілёўскі журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч. 28 сакавіка Лапцэвіч быў асуджаны на сем  сутак адміністрацыйнага арышту "за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і дробнае хуліганства". Таксама 25 сакавіка на некалькі гадзін быў затрыманы віцебскі журналіст Уладзіслаў Старавераў.

Як паведамляе БАЖ, усе гэтыя затрыманні адбываліся па надуманых падставах.

Пад прыцэлам – і замежныя журналісты
У ноч з 23 на 24 сакавіка быў затрыманы грамадзянін Расіі, журналіст і праваабаронца Аляксандр Лашманкін.

Лашманкіна  высадзілі з цягніка Чалябінск – Брэст на станцыі Орша на падставе ананімнай інфармацыі, што Лашманкін нібыта спрабуе правезці наркатычныя сродкі.

24 сакавіка Аршанскі суд прызнаў журналіста вінаватым у дробным хуліганстве і прыгаварыў да 3 сутак арышту, а 25 сакавіка было прынятае рашэнне пазбавіць Лашманкіна акрэдытацыі на працу ў Беларусі. Журналіст плануе абскарджваць гэтае рашэнне МЗС.

Хто пакрыўдзіў прэзідэнта?
28 сакавіка стала вядома, што 18 сакавіка 2011 году на знакамітага гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута (на фота) была заведзеная крымінальная справа "за абразу прэзідэнта Беларусі".

Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках польскай «Gazety Wyborczej», сайта «Белорусский партизан», і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.

Гарадзенскія калегі Пачобута, як паведамляе БАЖ, ужо падрыхтавалі заяву ў пракуратуру з патрабаваннем спыніць крымінальную справу.

Папярэджанне за слова "мы"
Таксама 28 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргі з боку  «Аўтарадыё» і газеты “Народная воля”, якія спрабавалі абскардзіць папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі.

Падставай для папярэджання «Народнай волі», вынесенага 14 студзеня 2011 году, стаў артыкул Любові Лунёвай «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?». На думку Міністэрства інфармацыі, парушэнне ёсць ў фрагменце інтэрв’ю з Дзмітрыем Дашкевічам, лідэрам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады фронт». Справа ў тым, што Дашкевіч выкарыстаў займеннік “мы”, што міністэрства разглядае як заяву ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Радыё замоўкла
Папярэджанне “Аўтарадыё”, вынесенае Міністэрствам інфармацыі, сталася адной з падстаў для спынення вяшчання папулярнай радыёстанцыі.

Прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, што «змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

Менавіта так чыноўнікі расцанілі фразу кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава ў рэкламным роліку аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Вечаровыя допыты ў КДБ
Увечары 31 сакавіка на допыт у КДБ былі выкліканыя журналістка газеты “Народная воля” Марына Коктыш і галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко.

Абодвух журналістаў распытвалі пра раптоўнае знікненне яшчэ адной журналісткі, галоўнага рэдактара сайту “Хартыя’97” Наталлі Радзінай, якую абвінавачваюць ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 году ў Менску. 31 сакавіка Наталля мусіла з’явіцца на допыт у КДБ, але не прыйшла. Тэлэфон Радзінай адключаны, дакладных звестак пра месцазнаходжанне журналісткі на дадзены момант няма.

 

Беларуская асацыяцыя журналістаў пратэстуе.
Беларуская асацыяцыя журналістаў распаўсюдзіла заяву, у якой выказвае рашучы пратэст у сувязі з пераследам калег і патрабуе неадкладна спыніць ціск на журналістаў і сродкі масавай інфармацыі. Тэкст заявы пададзены ніжэй.

 

Заява ГА «БАЖ»

з нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў

(канец сакавіка 2011 г.)

Цягам апошніх дзён у Беларусі зноў рэзка пагоршылася становішча са свабодай журналісцкай дзейнасці.

Напярэдадні Дня волі ў Магілёве затрымалі, а потым асудзілі на адміністратыўны арышт ад 3 да 7 сутак журналістаў і сябраў ГА «БАЖ» — Уладзіміра Лапцэвіча, Алеся Асіпцова і Дзмітрыя Салаўёва. У Віцебску на некалькі гадзін затрымалі тэлежурналіста Уладзіслава Стараверава. Усе затрыманні адбываліся на надуманых падставах. 25 сакавіка міліцыя і асобы ў цывільным зноў перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі журналістам, якія асвятлялі ход вулічных акцый.

Вельмі паказальным стала 28 сакавіка. Акрамя вышэйзгаданага асуджэння У. Лапцэвіча і Д. Салаўёва, цягам аднаго дня:

— Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў дзве скаргі да Міністэрства інфармацыі з боку газеты «Народная воля» і «Аўтарадыё», якія спрабавалі абскардзіць папярэджані Мінінфарма;

— стала вядома пра крымінальную справу, узбуджаную супраць гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута па ч.1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта РБ»,

— пазбавілі акрэдытацыі пры беларускім МЗС галоўнага рэдактара расійскага інфармацыйнага агенцтва «Свабода» Аляксандра Лашманкіна, які раней быў зняты з цягніка ў Оршы і адбыў трое сутак адміністратыўнага арышту нібыта за хуліганства.

Гэтыя падзеі цяжка назваць інакш як паляваннем на прадстаўнікоў СМІ. Дзяржава дэманструе поўную непавагу да прафесійных правоў журналістаў, свабоды выказвання і свабоды прэсы.

Усё гэта з’яўляецца працягам хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Сямёра журналістаў і сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве — арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Адзін з іх — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму (прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў). Яшчэ шасцёра — Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка -чакаюць суда. Ім пагражае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

— выказвае рашучы пратэст у сувязі з пераследам калег;

— патрабуе неадкладна спыніць ціск на журналістаў і сродкі масавай інфармацыі;

— нагадвае, што свабода выказвання з’яўляецца не толькі адной з фундаментальных свабод чалавека, але і крытэрам захавання іншых правоў і свабод.

Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»

29.03.2011

Артыкулы па тэме

Факты абыходжання з журналістамі – падобныя да катаванняў

Каму перад выбарамі друкавацца добра