“Мы вельмі занепакоеныя…”
У пачатку дакумента праваабаронцы прызнаюць некаторыя пазітыўныя зрухі датычна да сітуацыі з катаваннямі ў Беларусі. Тым не менш, праваабаронцы адзначаюць і сваю “вялікую занепакоенасць сітуацыяй з прымяненнем катаванняў і іншых відаў жорсткага звароту ў нашай краіне ў дачыненні да функцыянавання такіх дзяржаўных інстытутаў, як міліцыя і пенітэцыярныя ўстановы”.
“Наш даклад змяшчае ў сабе некаторую аб’ектыўную крытыку дзяржавы, і мэтай яго было ўсебакова паказаць наяўныя праблемы, як неаб’ектыўнае расследаванне выпадкаў катаванняў або неналежныя ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярных установах Беларусі. Аднак мы гатовыя сумесна з пракуратурай, МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі канструктыўна падыходзіць да вырашэння гэтых праблем як на заканадаўчым, так і на правапрымяняльным узроўні”,-паведаміў праваабаронца Сяргей Усцінаў.
“У гэтым дакладзе падрабязна аналізуюцца праблемы прымянення катаванняў і адсутнасці эфектыўнай сістэмы расследавання паведамленняў аб катаваннях, а таксама пра выпадкі жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання і пакарання”, – кажацца ва ўводзінах да дакумента.
Таксама ва ўводнай частцы праваабаронцы акцэнтуюць увагу на некаторых момантах, што з’яўляюцца важнымі для разумення агульнай карціны сітуацыі з правамі чалавека на Беларусі. Гэта і адсутнасць рэакцыі афіцыяльных устаноў на катаванні, жорсткі абыход; прымяненне іх да падлеткаў, непаўнагадовых; прыярытэт нацыянальнага заканадаўства над міжнароднымі нормамі.
Даклад, што прадстаўляе сабой паўнавартасную карціну беларускіх рэалій, падзелены на дзве часткі: першая прысвечана новым фактам прымянення (а часцей – непрымянення) Канвенцыі ААН, другая – мерах па выкананню рэкамендацый ААН. Далей беларускія праваабаронцы даюць свае парады і рэкамендацыі па забеспячэнню выканання міжнародных патрабаванняў.
“Дадзены даклад з’яўляецца рэакцыяй праваабаронцаў на чацвёрты перыядычны даклад, прадстаўлены Беларуссю ў ААН за апошнія дзесяць гадоў, і ахоплівае многія аспекты як правапрымяняльнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, так і пракурорскага нагляду”, – патлумачыла праваабаронца Эніра Браніцкая (на фота).
Катаваць ці не катаваць? – Не пытанне!
Каб паказаць, у якім стане ў краіне знаходзіцца праблема па катаваннях, праваабаронцы пачынаюць свой аналітычны агляд так: “ні адзін нарматыўна-прававы акт Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае вызначэння “катаванне”, як тое замацавана ў Канвенцыі ААН”. Што такое катаванне і як яго расследваць, калі нават незразумела, чым яно з’яўляецца і якія ў яго крытэры? Прыводзячы некаторыя фармуліроўкі і факты з беларускага заканадаўства, аўтары дакладу рэзюмуюць, што “дзяржава не разумее, ці не жадае разумець азначэнне “катавання” у сэнсе артыкула 1 Канвенцыі ААН”.
Сумневу падвяргаецца і выказванні афіцыйнай Беларусі аб старанных даследваннях усіх выпадках катаванняў і бесчалавечага абыходу. Тут аўтары дакладу маюць іншую кропку гледжання, пацвярджаючы яе фактамі і канкрэтнымі імёнамі, што прыводзяцца ў тэксце.
Акцэнтуецца ўвага і на арганізацыі саміх месцаў зняволення: яны не адпавядаюць хаця б мінімальным патрабаванням, што таксама наносіць шкоду як псіхічнаму, так і фізічнаму стану зняволеных. У дакладзе прыводзіцца страшная статыстыка: “Як вынік, захворванне на сухоты ў беларускіх турмах перавышае сярэдні паказчык па краіне ў 6,7 разы. У 2008 годзе паказчык захворвання сухотамі сярод асуджаных склаў 303,6 выпадкі на 100 тысяч чалавек, а сярод насельніцтва ў цэлым – 45,3 выпадкі”.
Рэкамендацыі экспертаў
Прааналізаваўшы ўсе выпадкі і асаблівасці справаў, беларускія праваабаронцы ўжо не ў першы раз выносяць свае рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі. Галоўны акцэнт робіцца на неабходнасць вызначыцца, што ж ёсць катаванне, а таксама празраста і дакладна апісаць ступені адказнасці за гэтае злачынства. Вельмі важным з’яўляецца і “прыняцце неадкладных і эфектыўных мер па стварэнні цалкам незалежнага механізму разгляду скаргаў ад грамадзян”.
На павестцы дня і стан беларускай турмы сёння, які, па меркаванню праваабаронцаў, трэба неадкладна паляпшаць, бо ён з’яўляецца не проста дрэнным, а крытычным.
Асобна падкрэсліваецца неабходнасць гарантавання незалежнасці судовага апарату, яго адказнасці перад законам і грамадзянамі. Гэта значыць, што неабходна мяняць усю судовую сістэму краіны, поўнасцю выкараніць існуючую. Аднак абсалютна відавочна, што такія радыкальныя змены не могуць (і не будуць) праведзеныя сёння. А таму камітэт ААН будзе выносіць Беларусі і новыя папярэджанні, патрабаванні, даючы працу беларускім праваабаронцам.
Беларускі ДПЧ