Радославу Сікорскаму, міністру замежных спраў Рэспублікі Польшча
Гіду Вэстэрвэле, міністру замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Нямеччына
ЗАЯВА
з нагоды пачасцелых візітаў у Мінск прадстаўнікоў уладаў краін Еўразвязу
Мы, грамадскія і праваабарончыя арганізацыі некалькіх краін Еўропы, выражаем заклапочанасць з нагоды парушэння правоў чалавека ў Беларусі, краіне-суседцы ЕЗ.
Вітаючы дыялог паміж уладамі Беларусі і краін ЕЗ, хочам звярнуць увагу еўрапейскай грамадскасці на па-ранейшаму актуальную праблему недатрымання Беларуссю асноўных правоў чалавека.
Заклікаем прадстаўнікоў уладаў Еўразвязу звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі зазнаюць пераслед палітычныя апаненты ўлады і незалежныя журналісты, прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, не забяспечаная свабода слова, сходаў і аб’яднанняў.
Улічваючы, што візіты высокапастаўленых еўрапейскіх палітыкаў паспяхова выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі як знак падтрымкі заходніх краін цяперашняму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку напярэдадні маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў, просім, каб у ходзе кантактаў з уладамі на парадку дня абавязкова прысутнічала тэма каштоўнасцяў справядлівасці, дэмакратыі, чалавечай годнасці.
Таму лічым неабходным у ходзе перамоваў з уладамі Беларусі, акрамя прагматычных эканамічна-палітычных пытанняў, дамагацца прагрэсу ў захаванні правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў праз:
– безумоўнае вызваленне палітзняволеных – Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і іншых;
– спыненне крымінальнага пераследу незалежных журналістаў;
– увядзенне мараторыя і скасаванне смяротнага пакарання;
– скасаванне Артыкула 193.1 КК, што прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі;
– правядзенне вольных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў.
Да звароту далучыліся:
Арганізацыя Belarus Watch, Вільня, Літва
Libereco – Партнёрства ў імя правоў чалавека, Бон, Нямеччына
Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні, Літва
”Грамадзянская Беларусь”, Прага, Чэхія
Фундацыя Дамоў правоў чалавека, Осла, Нарвегія
Кантактная асоба: Вадзім Вілейта, belaruswatch@belaruswatch.org, +370 614 82880.
Documents:
- Заява з нагоды візіту Сікорскага і Вэстэрвэле
Поўны тэкст заявы і лагатыпы арганізацый